Грыўня імкліва падае



На міжбанкаўскай біржы ў Кіеве працягваецца імклівае падзенне грыўні. Ужо цяпер курс трымаецца на ўзроўні 32-34 грывень за даляр ЗША. Гэта амаль у два разы больш, чым 2 месяцы таму.

Напярэдадні кіраўнік Нацыянальнага банка Украіны Валерыя Гонтарава заяўляла пра тое, што рацыянальных прычынаў для падзення грыўні не існуе, а ў росце курса валюты вінаватыя “панічныя настроі і спробы часткі бізнесу вывесці грошы за мяжу”.

У фінансавых праблемах перадусім вінаваты ўкраінскі ўрад і Нацыянальны банк краіны, кажа ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:

–  На сённяшні дзень мы не маем ніводнага эканамічнага эксперта, які можа сказаць пра наступствы дзейнасці ўрада і Нацбанка – Яцанюка і Гонтаравай. Гэта супольныя дзеянні пасля таго, як еўрапейцы і амерыканцы сказалі, што проста так яны грошы не дадуць. Яны гатовы даць іх пад рэальныя рэформы. І адразу ў нас пачаўся рэзкі абвал.

Украінскія эксперты не выключаюць, што да падзення ўкраінскай грыўні прывялі адсутнасць яснай эканамічнай палітыкі, спекуляцыйныя дзеянні ды друкаванне грыўні, накіраванае на рэфінансаванне банкаў.

Сам Нацыянальны банк Украіны запэўнівае, што сітуацыя зменіцца з прыходам крэдыту ад МВФ. Чакаецца, што першы транш крэдыту будзе вылучаны ў пачатку сакавіка.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя