Уладзімір Парфяновіч: Сяргея Шчурко маглі пакараць паказальна
Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч выказаў словы падтрымкі журналісту “Прессбола” Сяргею Шчурко, а таксама выказаўся пра сітуацыю ў краіне.
Сяргей Шчурко, © / Белтэлерадыёкампанія
Уладзімір Парфяновіч: Калі пачуў, што Сяргея Шчурко адправілі на 15 сутак арышта, майму абурэнню не было мяжы. Але тут застаецца толькі разводзіць рукамі, бо ў краіне законы ўжо не працуюць. Яны тым, хто ўчапіўся ў гэтую ўладу, проста не патрэбны.
Няма законаў, не працуе Канстытуцыя, пра што ў такім выпадку гаварыць? Сёння за краты могуць адправіць абсалютна кожнага і нічога нікому не дакажа ні Сярожа Шчурко, ні Ваня Іваноў, ні Пеця Пятроў.
Ужо ўвесь свет абураецца той неверагоднай жорсткасцю супраць сваіх грамадзян, беззаконнем, і ў мяне нават узнікае часам думка: “А можа гэта пад маскамі АМАПаўцаў не беларусы? Не могуць жа свае грамадзяне так здзеквацца над сваімі». А калі свае, то гэта проста нелюдзі.
РР: Думаюць, што, адпраўляючы на “суткі”, зменяць светапогляды і перакананні людзей?
Уладзімір Парфяновіч: Яны нічога не думаюць. Проста хочуць праз рэпрэсіі збіць хвалю пратэстаў, хаця, як мне падаецца, яшчэ больш настройваюць людзей супраць сябе. І гэта памылка, бо народ выходзіць на вуліцу не за грошы, як спрабуюць падаць гэта прапагандысты, а за ідэю. За сваю пазіцыю, за сваё меркаванне. І калі жанчын, якія кажуць праўду, б’юць у твар, то гэта нармальна? Не, так толькі нелюдзі робяць.
Не выключаю, што Сяргея Шчурко і іншых журналістаў вырашылі паказальна пакараць за тое, што яны аказаліся, на думку тых, хто сёння мае ўладу, здраднікамі. Таму, як кажуць, Бог ім суддзя!
А Сяргею і ўсім тым, хто сёння за кратамі, мае словы падтрымкі! Праўда і перамога ў любым выпадку на нашым баку. Нам ніколі не будзе сорамна за свае ўчынкі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя