У МДЛУ выйшаў загад пра забарону „няўзгодненых масавых мерапрыемстваў”



У Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (МДЛУ) 24 верасня выйшаў загад аб забароне правядзення на тэрыторыі ВНУ „няўзгодненых масавых мерапрыемстваў”.

З тэксту дакумента, падпісанага рэктарам МДЛУ Наталляй Баранавай, вынікае, што забарона на масавыя мерапрыемствы ўводзіцца для „забеспячэння бесперабойнага функцыянавання ўніверсітэта, бяспечных камфортных умоў навучання студэнтаў, работы выкладчыкаў і супрацоўнікаў з улікам шматлікіх зваротаў студэнтаў, іх бацькоў і жыхароў горада, а таксама эпідэміялагічнай сітуацыі, якая складваецца на тэрыторыі ВНУ”.

У каментары БелаПАН рэктар паведаміла, што падставай для загаду стала рашэнне рэктарата ад 18 верасня. „У пятніцу мы ўсім рэктаратам вельмі доўга абмяркоўвалі тое, што ў нас адбываецца перад уваходам ва ўніверсітэт, і прынялі рашэнне падумаць над тым, каб выключыць магчымую вялікую бяду”, — адзначыла яна.

Кіраўнік універсітэта нагадала, што 4 верасня ў ВНУ „ўжо была адна бяда”.

Тады, як паведамлялася, каля двух дзясяткаў студэнтаў сабраліся ў холе ВНУ, каб праспяваць песні на англійскай мове. У руках у некаторых студэнтаў былі бел-чырвона-белыя сцягі. Пасля выканання апошняй песні хлопцы пракрычалі „Жыве Беларусь!”. Адразу пасля гэтага ў МДЛУ ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і невядомыя ў цывільным і жорстка затрымалі пяцярых студэнтаў. Пры гэтым у холе прысутнічала некалькі чалавек з адміністрацыі МДЛУ, якія на дзеянні сілавікоў ніяк не рэагавалі. Праз некалькі гадзін затрыманых студэнтаў адпусцілі з міліцыі. На іх склалі пратаколы за „ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Баранава адзначыла, што адміністрацыя ВНУ не жадае паўтарэння такой сітуацыі, у якой яна „яшчэ да канца не разабралася”, і гэтым загадам вырашыла дзейнічаць папераджальна. „Мы штодня праз відэакамеры назіраем за ўваходам ва ўніверсітэт. Там стаяць хлопцы. І там жа вельмі шмат старонніх людзей. А ў гэты час дзясяткі і сотні студэнтаў і супрацоўнікаў уваходзяць і выходзяць. Мы бачым, з якім пачуццём яны гэта робяць — ім непрыемна і цяжка”, — сказала яна.

Рэктар адзначыла, што ў МДЛУ на дзённай форме вучыцца 6,2 тысячы студэнтаў, а ў акцыях „удзельнічае ад 12 да 40 чалавек”. „Чалавек мае права на выказванне свайго меркавання заўсёды. Нашым студэнтам ніхто не забараняе думаць, як яны хочуць. Гэта іх пазіцыя, і мы з ёй лічымся. Але гэта не павінна ўплываць на самаадчуванне іншых, перашкаджаць ім жыць, працаваць, вучыцца”, — заявіла яна.

Паводле слоў Баранавай, за апошнія два тыдні ў дэканат прыйшлі сотні лістоў, у тым ліку ад бацькоў студэнтаў, з просьбай „разабрацца з тым, што адбываецца каля ўваходу ва ўніверсітэт, каб іх дзеці не ўваходзілі ў аўдыторыю ў прыгнечаным стане — у кагосьці гнеў, у кагосьці засмучэнне”. Яна прызнала, што былі і іншыя лісты ў падтрымку пратэстоўцаў, але ў значна меншай колькасці.

Таксама, адзначыла рэктар, адміністрацыю бянтэжыць, што за гэтыя акцыі ніхто не бярэ адказнасць: „Там увесь час староннія людзі, якія не маюць ніякага дачынення да ўніверсітэта. Яны прыносяць паперы, маленькія плакаты, інструктуюць студэнтаў, задаюць тон скандаванням”.

Акрамя таго, Баранава пракаментавала закрыццё з сённяшняга дня галоўнага ўваходу ў МДЛУ. Паводле яе слоў, пасля падзей 4 верасня для забеспячэння „безумоўнай бяспекі студэнтаў” было прынятае рашэнне ўсталяваць у фае на некалькіх уваходах турнікеты — электронную сістэму з высокай прапускной здольнасцю, а побач уладкаваць бюро пропускаў. Фінансуе работы Міністэрства адукацыі. „Сёння мы пачалі работы, закрылі і абгарадзілі ўваход. Падрадчык абяцаў нам зрабіць усё хутка, расклаў сёння раніцай столь і працу спыніў. У часткі студэнтаў магло скласціся ўражанне, што працы не вядуцца. Днём мы гэта ўбачылі і папярэдзілі падрадчыка, што скасуем дагавор, калі яны не працягнуць”, — патлумачыла яна.

З 1 верасня ў МДЛУ і іншых вядучых ВНУ краіны практычна штодня праходзяць акцыі салідарнасці. Студэнты і выкладчыкі збіраюцца на лесвічных пралётах, у холах, ля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны спяваюць песні, пляскаюць або стаяць моўчкі, некаторыя трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты, якія выказваюць пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

У сацсетках студэнты распавядаюць, што ў іх ВНУ і побач з імі перыядычна дзяжурыць міліцыя і сілавікі ў цывільным. Апошнія былі заўважаныя ўнутры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, а таксама побач з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным універсітэтам і ў некаторых рэгіянальных ВНУ. Міліцыя здымае студэнтаў і выкладчыкаў, якія мітынгуюць, адбірае ў іх плакаты і сцягі, разганяе і затрымлівае.

belapan.by

Фота: rastishka.by