Ігар Мельнікаў ўзнагароджаны прэміяй імя Вацлава Ластоўскага



25 лютага ў Менску Ігар Мельнікаў быў узнагароджаны прэміяй Вацлава Ластоўскага Менскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Ластоўскага.

За значны ўнёсак у даследаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры лаўрэат прэміі арганізатар выставы “Заходнебеларуская Атлантыда”, аўтар кнігі “Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941”, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў атрымаў адмысловы дыплом за подпісам старшыні таварыства, доктара гістарычных навук прафесара Георгія Штыхава, медаль і каштоўны падарунак.

Сярод намінантаў прэміі за 2014 год апроч лаўрэата былі выбітны беларускі гісторык, аўтар кнігі “Сцягі Оршы” Анатоль Грыцкевіч, ініцыятар стварэння музея жывой гісторыі “Панёманскае гарадзішча” і фэсту раннесярэднявечнай культуры “З варагаў у грэкі” Павел Дарафей, вядучы краязнаўчай праграмы ”Новыя падарожжы дылетанта” Юры Жыгамонт і кіраўнік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, каардынатар валанцёрскай дзейнасці ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёну Брэсцкай вобласці Зміцер Юркевіч.

Пасля ўзнагароджання адбылася прэзентацыя новых выданняў таварыства. Прафесар Анатоль Тарас прадставіў пяць новых брашур з серыі “Сто выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры”, прысвечаных жыццю і творчасці Яна Баршчэўскага, Станіслава Манюшкі, Мікалая Нікіфароўскага, Аляксея Сапунова і Івана Хруцкага. Іх аўтары — Ірына Шумская, Вітаўт Чаропка і Аркадзь Падліпскі.

Ірына Шумская прадставіла сваю англамоўную кнігу “Distinctive Belarus. On the Roads of Dukes, Magnates and Poets” (“Самабытная Беларусь. Шляхамі князёў, магнатаў і паэтаў”). Гэтае добра ілюстраванае выданне (здымкі аўтаркі і Сяргея Плыткевіча) скіравана на пашырэнне ведаў пра айчынную спадчыну сярод замежнікаў. Аўтарка прадставіла асноўныя этапы айчыннай гісторыі з прабеларускіх пазіцый і падкрэсліла, што Беларусь – не малодшы брат Расеі, а хутчэй, наадварот, а заснавальнікамі першага Еўразвязу ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага былі зусім не жамойты, а нашыя продкі-ліцьвіны.

Ірына Шумская выказала падзяку за выданне кнігі Міхасю Галдзянкову, Алесю Качару і Вользе Антонавай і паведаміла, што гэтае ўнікальнае выданне яшчэ можна прыдбаць у Менску ў кнігарні “Акадэмкніга” і этна-краме “Рагна” (на скрыжаванні вуліц імя Караля і Сухой).

У планах таварыства, між іншым, — збор подпісаў у абарону старадаўняй брукаванкі Стоўбцы — Новы Свержань у Менскай вобласці, а таксама стварэнне на сайце таварыства amatary.by так званай “Мапы краязнаўца” з кароткімі біяграфічнымі даведкамі пра айчынных адмыслоўцаў у гэтай галіне.

novychas.info