Міраслаў Кобаса: Дзяржава і народ у Беларусі жывуць на дзвюх розных планетах
Змена фінансава-бюджэтнай палітыкі і ўзмацненне мясцовага самакіравання. Такія патрэбы агучылі ўдзельнікі канферэнцыі ў Менску.
Тэмай стала „Мясцовае самакіраванне: паходжанне, сутнасць і асноўныя паняцці». Кажа спікер форуму, старшыня праўлення Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса:
– Прычына сённяшняга палітычнага крызісу ў тым, што ўсе кажуць пра недавер да вынікаў выбараў і насілле, якое было праяўлена і праяўляецца далей. А я яшчэ б дабавіў, што гэта ўсё апошнія кроплі. А дагэтуль назапашвалася незадавальненне тым, што робіцца на месцах. Паедзеш у вёску – там гэтага няма, таго няма, грошай ні ў каго няма, ва ўлады грошай няма. Нічога немагчыма дабіцца. Бяда, што людзі з’язджаюць з вёскі. У выніку што, мы будзем жыць у шасці абласных гарадах і горадзе Менску? І ўся Беларусь будзе?
Удзельнікі канферэнцыі пагадзіліся з тым, што рэфармаваць сістэму мясцовага самакіравання праз Канстытуцыю патрэбна неадкладна. Але ў сённяшняй сітуацыі усіх турбуе пытанне, ці будуць унесены ў Асноўны закон змены, якіх сапраўды жадае беларускі народ.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск