Праваабаронцы прызналі Сцяпана Латыпава палітвязнем



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычным зняволеным абаронцу мурала з „дыджэямі перамен” мінчаніна Сцяпана Латыпава. Сумесная заява аб гэтым размешчаная на праваабарончым сайце spring96.org.

Латыпаў быў затрыманы 15 верасня ў двары свайго дома на вуліцы Чарвякова. Менчукі называюць гэты двор „плошчай Перамен”, пастаянна вывешваюць там бел-чырвона-белыя сцягі, а на трансфарматарнай будцы малююць двух дыджэяў, якія ўключылі песню Віктара Цоя „Перамен” 6 жніўня на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы.

Латыпаў быў затрыманы, калі абараняў будку з выявай дыджэяў ад сілавікоў, якія чарговы раз прыйшлі сціраць малюнак. Мінчанін патрабаваў, каб невядомыя ў цывільным і ў масках назваліся. Пазней у кватэры Латыпава быў праведзены вобшук, а яго самога адвезлі ў ізалятар у 1-м завулку Акрэсціна. Пазней стала вядома, што ён з’яўляецца падазраваным па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі).

„19 верасня ў эфіры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, прысвечаны затрыманню С.Латыпава, — адзначылі праваабаронцы. — У гэтых сюжэтах сцвярджалася, што С.Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага канала пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў і меў намер выкарыстоўваць атрутныя рэчывы супраць супрацоўнікаў міліцыі. Прысутны ў кадры ананімны супрацоўнік ГУБАЗіК таксама паведаміў, што С.Латыпаў „з’яўляецца адным з актыўных удзельнікаў і каардынатараў масавых беспарадкаў у Мінску, праз мэсэнджары асабіста займаўся зборам грошай на падрыўную дзейнасць па дыскрэдытацыі органаў улады і кіравання, супраць супрацоўнікаў міліцыі, арганізоўваў несанкцыянаваныя акцыі ў сталіцы па размяшчэнні на фасадах будынкаў забароненай сімволікі і муралаў”.

„Агучаныя ананімным прадстаўніком ГУБАЗіК абвінавачанні ў нібыта „падрыўной” дзейнасці С.Латыпава не ўтвараюць складу крымінальнага злачынства, паколькі ні дыскрэдытацыя органаў улады і міліцыі, ні правядзенне мірных сходаў, ні вывешванне не забароненых дзейным заканадаўствам бел-чырвона-белых сцягоў, а тым больш размяшчэнне малюнкаў „дыджэяў перамен” не з’яўляюцца і не могуць з’яўляцца дзеяннямі, якія падлягаюць крыміналізацыі па нацыянальным заканадаўстве і нормах міжнароднага права ў галіне правоў чалавека”, — падкрэслілі праваабаронцы.

Аўтары заявы нагадалі, што Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах „кожнаму чалавеку гарантаваныя свабоды выказвання свайго меркавання, у тым ліку з дапамогай сродкаў выяўленчага мастацтва”, а таксама „свабода мірных сходаў”. Крытыка ў адрас прадстаўнікоў уладаў, у тым ліку МУС, з’яўляецца „дапушчальнай формай выказвання свайго меркавання, нават калі яно дыскрэдытуе іх у вачах грамадскасці”.

Абвінавачанні ў падрыхтоўцы атручванняў супрацоўнікаў міліцыі, перакананыя праваабаронцы, „не вытрымліваюць ніякай крытыкі, навукова не абгрунтаваныя і з’яўляюцца не чым іншым, як фантазіямі прадстаўнікоў ГУБАЗіК”.

„Сцяпан Латыпаў у паўсядзённым жыцці займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, з’яўляецца арбарыстам і дырэктарам кампаніі „Беларба”. Гэта кампанія выдаляе небяспечныя дрэвы на могілках, у парках, скверах, а таксама займаецца апрацоўкай ад шкодных раслін, напрыклад баршчэўніку Сасноўскага. У сувязі са спецыфікай сваёй прафесійнай дзейнасці ён меў у сябе легальныя хімічныя прэпараты”, — адзначылі яны.

У выпадку з Латыпавым, звяртаюць увагу праваабаронцы, быў парушаны прынцып прэзумпцыі невінаватасці. У прыватнасці, у тэлесюжэтах дзяржканалаў, якія насілі „відавочна абвінаваўчы ўхіл, сцвярджалася аб фактах здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў С.Латыпавым, ствараўся вобраз вельмі небяспечнага для грамадства чалавека”, хоць гэта яшчэ не даказана ні следствам, ні судом.

„Усе гэтыя факты ў сукупнасці, на нашу думку, сведчаць аб заказным, палітычна матываваным характары гэтай крымінальнай справы”, — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы запатрабавалі неадкладна вызваліць Латыпава з-пад варты і спыніць яго крымінальны пераслед, а таксама вызваліць усіх палітвязняў, спыніць гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян Беларусі.

Дакумент падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна”, праваабарончае грамадскае аб’яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, аб’яднанне „Прававая ініцыятыва”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, кансультацыйны цэнтр „Х’юман канстанта”, простае таварыства „Ініцыятыва FORB”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр і Беларускі ПЭН-цэнтр.

belapan.by