Кенэт Ялавіц: Новы амбасадар ЗША ў Менск не адправіцца
Былы амбасадар ЗША ў Беларусі Кенэт Ялавіц (1994–1997) лічыць, што новы амбасадар ЗША у Менск пакуль не адправіцца, – пра гэта дыпламат заявіў у інтэрв’ю „Голасу Амерыкі“.
Ялавіц параўнаў беларуска-амерыканскія стасункі з сітуацыяй у Венесуэле. «У нас там няма амбасадара, і кандыдат на гэтую пасаду яшчэ толькі намінаваны, таму асноўныя дыпламатычныя сувязі падтрымліваюцца праз Калумбію. Я мяркую, што ў існуючых умовах новы амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр не адправіцца ў Менск, нават калі яна будзе канчаткова зацверджаная на пасаду », – лічыць дыпламат.
«Але закрываць амбасаду мы, хутчэй за ўсё, не будзем, таму што нам неабходна працягваць дыялог, — сказаў Ялавіц. – Нам трэба працягваць дыялог з гэтай краінай, але пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе і не жадае весці дыялог з апазіцыяй і не хоча ісці ні на якія саступкі, я лічу, нашы стасункі будуць далей заставацца на нізкім роўні», — адзначыў Ялавіц.
Фота: eadaily.com