У Віцебску хапаюць моладзь – удзельнікаў мірных пратэстаў



Затрыманні распачаліся яшчэ ў мінулы чацвер, нехта з затрыманых правядзе за кратамі трое сутак: 72 гадзіны даецца заканадаўствам на тое, каб  падрыхтаваць матэрыялы справы для перадачы ў суд. Паколькі  віцебскі ізалятар часовага ўтрымання зачынены на рамонт,  людзей трымаюць у следчым ізалятары, а гэта практычна турма. Але міліцыянты не спяшаюцца перадаваць справы ў суд.

Амаль двое сутак родныя чакалі вырашэння лёсу  18-гадовай Сафіі Цярэнцьевай, распавяла яе старэйшая сястра Станіслава:

-Прыехалі два чалавекі, яны сказалі, што з міліцыі, але дакументаў не паказвалі. Напалохалі  нашу маці, загадалі ёй сесці да іх у машыну, яна таксама была без апазнавальных знакаў. Убачылі ў нас на дзвярах наклейку “Жыве Беларусь!”, заявілі, што “усё пра нас ведаюць”… Спыталі, дзе вучыцца Соня, і пасля трэцяй  гадзіны  дня мы не маглі да яе датэлефанавацца.

Суд над Сафіяй Цярэнцьевай прайшоў толькі па абедзе ў суботу 26-га верасня, яе прызналі вінаватай за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і прысудзілі двое сутак арышту – якія яна ўжо адбыла пад вартай.  

У пятніцу распачаўся суд над Настай Чарнавок, другакурсніцай віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Яе затрымалі пасля тэлефоннай размовы з намесніцай дэкана, распавяла дзяўчына:

– Мне быў званок ад намесніцы дэкана Лазоўскай Наталлі Алегаўны. Яна спытала, дзе я знаходжуся, і паклала слухаўку. Мяне гэта вельмі здзівіла, бо я думала, што будзе нейкі працяг нашай гутаркі… І калі я выйшла на прыпынак, мяне затрымалі. У той дзень затрымалі шмат людзей – і разам са мной, і я яшчэ чула размовы, што кагосьці едуць затрымліваць…

Суд над Настай Чарнавок распачаўся праз Скайп, але працяг працэсу перанеслі на 8-га кастрычніка.  У адной камеры следчага ізалятара разам з ёй знаходзілася лекарка абласнога шпіталя Кацярына Бажанкова. Яе таксама судзілі, абвясцілі папярэджанне і адпусцілі. Студэнтаў медычнага ўніверсітэта Паліну Нітчанку, Антона Панамарэнку і Данііла Кісялёва  дагэтуль трымаюць за кратамі. Родныя і сябры чакаюць звестак пра іх каля віцебскага СІЗА.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск