У Беларусі другія суткі запар рэгіструюць больш за 300 новых выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 77.289 (+332 за апошнія суткі), памерла 813 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Другія суткі запар у краіне рэгіструецца больш за 300 новых выпадкаў COVID-19. Раней такі сутачны прырост (вышэй за 300) новых выпадкаў інфекцыі фіксаваўся 1 ліпеня.
25 верасня, паводле афіцыйнай статыстыкі, было 306 новых выпадкаў і пяць смерцяў.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 74.046 пацыентаў (121 за апошнія суткі).
Праведзена 1.809.522 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 17.096.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з расійскага боку атрыманы пакет дакументаў для правядзення клінічнага выпрабавання камбінаванай вектарнай вакцыны супраць каранавіруснай інфекцыі COVID-19 „Гам-КАВІД-Вак” вытворчасці Нацыянальнага даследчага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя М.Ф.Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расіі. Плануецца, што ў Беларусі ў даследаванне будзе ўключана прыблізна 100 удзельнікаў.
Фота: МН