Скандал у матчы БАТЭ і берасцейскага „Дынама”



25 тур футбольнага першынства Беларусі прынёс некаторыя змены ў стан лідараў.

У звышпрынцыповым паядынку „за 6 ачкоў” гарадзенскі „Нёман” у Жодзіне узяў верх над мясцовым „Тарпедам” – 1:0. Адзіны гол быў зафіксаваны на зыходзе першага тайму, калі нёманцы выконвалі корнер – Зоран Марушыч галавой пераправіў мяч у сетку. Гэтая вікторыя дазволіла камандзе Ігара Кавалевіча часова выйсці на другое месца, а галоўнае – адарвацца ад пераследнікаў.

Матч бабруйскай „Белшыны” і салігорскага „Шахцёра” перанесены на 4 кастрычніка.

А ў цэнтральным матчы туру лідар чэмпіянату барысаўскі БАТЭ прымаў пакуль яшчэ дзейснага чэмпіёна – берасцейскае „Дынама”. У БАТЭ з-за хваробы адсутнічалі двох лідараў – Ігар Стасевіч і Станіслаў Драгун і гэта вельмі істотна адбілася на хадзе паядынку. Берасцейцам, каб захаваць шанцы на медалі турніру, патрэбна было толькі перамагаць. І каманда Сяргея Кавальчука дамаглася трох ачкоў, праўда, пры кур’ёзных абставінах.

У першым тайме ініцыятывай валодалі госці, што хутка ўвасобілася ў эфектны гол Паўла Сядзько. Цікава, што і далей мячы працягнулі забіваць гульцы з імем Павел. На 49-й хвіліне лік на карысць берасцейцаў падвоіў Павел Савіцкі. Аднак БАТЭ здолеў адыграцца: на 71-й хвіліне Павел Няхайчык (які мінулы сезон выступаў якраз за берасцейцаў) скараціў розніцу ў ліку, а на 80-й Неманья Міліч усталяваў раўнавагу – 2:2. Кульмінацыя здарылася ў кампенсаваны час – на 91-й хвіліне на ўдарную пазіцыю выйшаў Сяргей Крывец (былы „батэшнік”) і гарматна выстраліў – мяч трапіў у папярэчыну, ад яе на лінію брамы. Брыгада арбітраў пры тым памылкова зафіксавала гол. Такім канфузам вырашыўся лёс гэтай сустрэчы.

А на 94-й хвіліне Крывец, які вельмі даўно не вызначаўся галамі, канчаткова дабіў былых аднаклубнікаў – выніковыя 4:2 на карысць берасцейскага „Дынама”.

Становішча ў турнірнай табліцы зараз такое:

БАТЭ – 49 ачкоў (25 гульняў)

„Нёман” – 47 (25)

„Шахцёр” – 46 (24)

„Іслач” – 42 (25)

„Тарпеда-БелАЗ” – 41 (25)

„Дынама” (Бер) – 38 (23)

Беларускае Радыё Рацыя