Берасцейскія апазіцянеры: Канфлікт ва Украіне можна развязаць толькі мірным шляхам
Менскія дамоўленасці не вырашылі расейска-ўкраінскі канфлікт на мяжы Луганскай і Данецкай вабласцей. У гэтым перакананыя прадстаўнікі партый дэмакратычнай скіраванасці ў Берасці.
Старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых ’’Справядлівы свет’’ Людміла Дзенісенка лічыць, што дыпламатычныя сродкі апынуліся пакуль не да канца эфектыўным інструментам:
– Нават менскія дамоўленасці не будуць спраяць канчатковаму ўрэгуляванню ўкраінскага канфлікту. Таму што бакі па рознаму бачаць рашэнне праблемы. Адзінае, што супадае меркаванне пра спыненне агню і спыненне абстрэлу Данецка і Луганска. У цэлым, што я прачытала па менскім пагадненням, я лічу, і апалчэнцы лічаць, што яны пакуль не прыдатныя. Яны не хочуць вяртацца аўтаноміяй у склад Украіны. Яны бачаць сябе незалежнай дзяржавай Наваросіяй.
Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі перакананы, што канфлікт можа быць вырашаны толькі мірным шляхам:
– Калі разважаць над тым варыянтам, што раптам нейкія краіны дапамогуць украінскаму боку са зброяй. Гэта прывядзе толькі да эскалацыі вайсковага супрацьстаяння, да яшчэ большага фінансавання і падтрымкі сепаратыстаў з боку расейскіх уладаў, і ў выніку гэта можа скончыцца глабальнай вайной паміж Расеяй і Украінай.
Не выключана, што бліжэйшым часам пройдуць чарговыя перамовы „нармандскай чацвёркі”.
Беларускае Радыё Рацыя