Міліцыя сарвала мірныя пратэсты ў Віцебску
Тут 26-27 жніўня праходзілі абласныя “Дажынкі”, і міліцэйскія нарады былі сканцэнтраваныя на плошчы Перамогі – якраз там планавалі сабрацца пратэстоўцы. На плошчы адбылося некалькі першых затрыманняў: людзей затрымлівалі проста каля турнікетаў, дзе супрацоўнікі міліцыі рабілі індывідуальны дагляд кожнага, хто хацеў трапіць на плошчу. На плошчы Перамогі ў гэтыя дні адбывалася выстава сельскагаспадарчай тэхнікі і праходзілі канцэрты.
Удзельнікі спрабавалі сабрацца яшчэ некалькі разоў у іншых месцах горада – каля гандлёвага цэнтра “Марка-сіці” і Летняга амфітэатра на вуліцы Леніна і каля крамы “Еўраопт” на Маскоўскім праспекце. Паўсюль адбываліся затрыманні. Падобна, віцебскія міліцыянты распрацавалі асобную методыку, як затрымліваць патэнцыйных удзельнікаў мірных пратэстаў. Паўсюль дзяжурылі міліцыянты з відэакамерамі, якія разглядалі людзей у натоўпе. І калі нехта падаваўся ім падазроным або быў знаёмы па відэазапісах з ранейшых маршаў пратэсту, “назіральнікі” давалі “арыенціроўку” на затрыманне паводле знешніх прыкметаў. Такім чынам было затрымана не менш як 40-50 чалавек. Ніхто з гэтых людзей не крычаў лозунгаў, не ўздымаў сцягоў, не меў плакатаў. Усе затрыманні былі прэвентыўныя.
Пазней людзі пачалі дамаўляцца, каб сабрацца ўвечары каля катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Але і там іх чакалі аўтазакі, аўтобусы з зацемненымі вокнамі і міліцыянты з відэакамерамі. Калі сцямнела і пачаўся дождж, невялікая калона разышлася, так і не распачаўшы руху па горадзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск