Грыпус звычайны…



Нічога новага. Проста восень, ападае лістота, надыходзяць халады… І пачынаеш думаць пра сезон прастудаў і грыпу, ускладнены другой хваляй каронавірусу ў гэтым сезоне… Вось гэта непрыемная навіна!

Многія бацькі атрымалі са школы цыдулку-дазвол на тое, каб прышчапіць дзіцё ад грыпу. Пытанне пададзена як рытарычнае: мы вам прышчэпку, а вы нам – дазвол. Тым часам не ўсе бацькі далёка не ўсіх дзяцей згодныя прышчапляцца ад грыпусу (або іншых інфекцый). Проста не лічаць мэтазгодным. Пакуль яны могуць рабіць выбар і казаць “не” (юрысты пацвярджаюць!) З прапановай стаць піянерам – тая ж гісторыя. Прапаноўваюць ненастойліва – можна спакойна сказаць “не!” Але большасць бацькоў і дзяцей вырашаюць такі ўступіць у піянеры. Па той простай прычыне, што іншых дзіцячых арганізацый тыпу скаўтаў у школе няма, а дзецям хочацца разам тусавацца і займацца рознымі (цікавымі, як яны спадзяюцца!) актыўнасцямі. Ну, тут пакуль назіраецца адносны лібералізм.

Многіх бацькоў цяпер абвінавачваюць у тым, што яны “засвяціліся” на акцыях пратэсту з дзецьмі. Маўляў, маладыя мамы, вы атрымліваеце дэкрэтныя выплаты не для паходу на плошчу… Хочацца запытаць – нават калі непадалёк кавярня добрая? А прайсціся побач з мітынгам? А паглядзець на бел-чырвона-белы сцяг? Можна? Не-не-не. Тут ужо ніякага лібералізму. Да таго ж – кавід. Раней у нас яго не было, а цяпер – па сцвярджэнні некаторых чыноўнікаў ад медыцыны – новая хваля вірусу ідзе па краіне выключна па віне дэманстрантаў. Па прычыне мітынгаў, што ўжо другі месяц ідуць па ўсёй Беларусі. Затрыманні людзей і ўтрыманне іх доўгі час у адных памяшканнях, не прыстасаваных для такой колькасці народу, у залік не ідуць… Ну, добра, але ж беларускія органы правапарадку не лічаць, што на мітынгі выйшла так шмат народу… То пры чым тут дэманстранты ў распаўсюдзе вірусу? Чыноўнікі ад медыцыны не ўзгаднілі пазіцыю з чыноўнікамі з міліцыі. Ну, пытанне часу. Скаардынуюцца.

Нічога новага пад сонцам. Восень. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Тым болей, надзейную вакцыну ад каронавірусу пакуль не прыдумалі, а імпартныя прывіўкі ад грыпусу звычайнага падвіслі на мяжы (“растамажваюцца!” – з прыдыханнем паведамілі ў адным з прыватных медцэнтраў).  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ