Агляд прэсы: просьба Ціханоўскай да Макрона і беларуская ідэнтычнасць
Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю буйной французскай газеце. Беларускі гісторык у Чэхіі Алена Маркава распавяла пра беларускую ідэнтычнасць, каб зразумелі чэхі.
Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Вядомая французская газета правацэнтрысцкай скіраванасці Le Figaro зрабіла інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай. Вось словы, якія сказала беларуска: Гэтая ў таямніцы арганізаваная інаўгурацыя — што, дарэчы, шмат што кажа пра так званага прэзідэнта — зусім нічога не змяняе. Яна пацвярджае, што ён баіцца народа. Яе нават не транслявалі па тэлебачанні… Праўда ў тым, што Лукашэнка хаваецца, таму што беларусы лічаць яго нелегітымным пасля 9 жніўня. Яны больш не давяраюць яму, не лічаць яго прэзідэнтам. Кадры з яго інаўгурацыі толькі спарадзілі новую хвалю пратэстаў. Людзі выйшлі на вуліцы, каб паказаць нязгоду, але іх сходы былі жорстка задушаныя. Так дзе яго 80%? Чаму яны не прыйшлі яго павіншаваць? Я бачу, што еўрапейскія краіны ўспрымаюць яго абранне як тое, што яно ёсць на самой справе: фарс. Я была б расчараваная, калі б многія еўрапейскія краіны ў прынцыпе выступалі супраць такіх санкцый. Па факце ж супраць іх прыняцця выступіў толькі Кіпр, прычым па сваіх адмысловых меркаваннях, а не таму, што ён прымае Лукашэнку як прэзідэнта. Еўрапейскія краіны разумеюць, што санкцыі неабходныя. Сход у панядзелак — усяго толькі адзін этап, будуць і іншыя. Але Еўропа павінна быць смялейшай. Вы бачыце, які адважны беларускі народ, і за што ён змагаецца. Хіба не было б добра, калі б яшчэ адна еўрапейская краіна адкрылася дэмакратыі? Санкцыі важныя, бо Лукашэнка мусіць зразумець, што ягоныя злачынствы супраць народа не пакінуць беспакаранымі. Я вельмі рада, што Макрон прыедзе ў Вільню. Не ведаю, ці будзе ў мяне магчымасць сустрэцца з ім, але мне вядомая пазіцыя Літвы па Беларусі. Літоўскія ўлады актыўна стаяць на абароне нашай справы, і я ўпэўненая, што яны раскажуць яму пра сур’ёзнасць сітуацыі ў Менску. Яны растлумачаць яму, як важна, каб ён дапамог нам выбрацца з тупіка. Прэзідэнт Макрон павінен гаварыць гучней. Ён — вельмі ўплывовая персона ў Еўропе і ва ўсім свеце. Мы шмат чаго чакаем ад яго. Мы шчыра шкадуем, што расейскі прэзідэнт Пуцін вырашыў падтрымаць дыктатара супраць беларускага народа, і ведаем, што ён з увагай ставіцца да меркавання Макрона. Нам хацелася б, каб Францыя пачала дыялог і згуляла ролю пасярэдніка ў пошуках выхаду з крызісу. Адзіны спосаб прымусіць Лукашэнку саступіць — гэта ціск: дэманстрацыі, страйкі, уплыў суседніх краін і АБСЕ. Трэба спыніць фінансавую падтрымку рэжыму, каб той больш не мог плаціць міліцыянтам, якія б’юць дэманстрантаў. Неабходна пачаць дыялог, каб пазбегнуць паглыблення палітычнага і эканамічнага крызісу. Калі б Лукашэнка хацеў правесці канстытуцыйную рэформу, пра гэта трэба было думаць раней. Гэта проста спосаб выйграць час. Беларусам больш не патрэбны гэты рэжым. У мінулым майго мужа Сяргея Ціханоўскага абвінавачвалі ў сувязях з Масквой. У пачатку кампаніі яго называлі прарасейскім кандыдатам. Калі Лукашэнка ўбачыў, што еўрапейцы пачалі падтрымліваць нас, ён абвінаваціў іх у тым, што яны накіроўваюць дэманстрацыі. Калі ён хоча знайсці вінаватага ў тым, што адбываецца ў краіне, яму дастаткова паглядзець у люстэрка, — сказала Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Le Figaro.
І яшчэ адно інтэрв’ю, якое пралівае святло на тое, хто такія беларусы. Беларусы гэта ўжо масава ўсвядомілі, а вось для Еўропы дадзены матэрыял у выданні Deník N мае пазнавальнае значэнне. Каб не толькі зразумець, у чым адметнасць беларусаў, але таксама каб усвядоміць, за што яны змагаюцца: Яны не расейцы. Ні белыя, ні чырвоныя ці нейкія іншыя. У іх няма ні мора, ні высокіх гор, але ёсць «чарнобыльская зона» і больш за ўсіх зуброў у свеце. Аб Беларусі і беларусах мы ведаем яшчэ менш, чым пра ўкраінцаў. Але ў апошнія тыдні яны заявілі пра сябе ўсяму свету. Хто яны, тлумачыць беларускі гісторык Алена Маркава, — якая жыве ў Празе. Яна эксперт у галіне фармавання сучаснага народа, нацыяналізму і нацыянальнай ідэнтычнасці. Яна займаецца савецкай нацыянальнай палітыкай і гісторыяй СССР, а таксама краін-пераемніц. Кніга «Гісторыя Беларусі» павінна выйсці на чэшскай мове ў бліжэйшы час. Алена Маркава — адзін з трох яе аўтараў. Яна напісала тую частку, якая ахоплівае перыяд з пачатку мінулага стагоддзя аж да нашых дзён: „Нашым першым навукоўцам, перакладчыкам тэкстаў з лацінскай на беларускую, быў Францыск Скарына, у гонар якога ў праскім Клеменцінуме ўсталяваная мемарыяльная дошка, паколькі ён працаваў пры двары Габсбургаў. Так што ў нас сапраўды ёсць уласная мова. У пачатку 90-х мы прапусцілі той момант, калі моўную сітуацыю можна было змяніць. Закон 1990 года, які зрабіў беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай, дзейнічаў на працягу пяці гадоў. Але гэтага недастаткова, каб мова здолела адрадзіцца і ўкараніцца. Гэтага мала, каб яна вярнулася ўва ўсе сферы: дзяржаўнае кіраванне, культуру, — і каб нацыянальныя меншасці размаўлялі адна з адной на беларускай, а не на расейскай мове. Паступова слабела падтрымка адукацыі на беларускай мове, і беларускую загналі на маргінальную пазіцыю. Той, хто не быў перакананым прыхільнікам беларускага, вяртаўся да расейскай мовы.
Ніхто нікому не перашкаджаў размаўляць па-беларуску, але на самой справе шэраг мер рабілі расейскую прывілеяванай мовай. Усё гэта адбывалася незаўважна. А зараз у нас і тэлебачанне на ёй, і газеты. Не трэба быць двухмоўным — дастаткова гаварыць па-расейску. З перапісу насельніцтва вынікае, што пасля вайны колькасць тых, хто гаворыць па-беларуску, паступова зніжалася, хоць колькасць этнічных беларусаў застаецца нязменнай — каля 85 адсоткаў. У нас іншы нацыянальны касцюм, свая мова, свае нацыянальныя стравы: дранікі і калдуны з мясам. У нас больш меладычныя песні, як кажуць нашы патрыёты. Увогуле, мы асобны народ, а не чыёсьці адгалінаванне. Мы з’яўляемся часткай і заўсёды з’яўляліся часткай еўрапейскай гісторыі, хоць Масква падавала нас як „братоў”. Але мы ім не браты. Шмат у чым мы зусім на іх не падобныя і ніколі не былі. Так, мы славяне, але і чэхі таксама. Калі ласка, улічвайце гэта і не блытайце нас. Святлана Ціханоўская гаворыць па-расейску, але сваё імя яна піша па-беларуску. Тым самым яна дае людзям зразумець, кім сябе адчувае. Дарэчы, беларускія імёны сёння ў чэшскай мове перадаюцца па-рознаму. Усё залежыць ад ідэнтычнасці, з якой іх носьбіты сябе звязваюць. У міжваенны перыяд Сталін надаваў вялікую ўвагу нацыянальнай палітыцы, з дапамогай якой хацеў умацаваць уладу Масквы. Спачатку бальшавікі абапіраліся на гарадскі пралетарыят, але ім трэба было таксама прыцягнуць на свой бок сялян, а іх у Беларусі была большасць, да 80 адсоткаў насельніцтва. Гэтыя людзі не гаварылі па-расейску. Сталін зразумеў, што не можа навязваць ім расейскую. Бальшавіцкія ідэі вырашылі перакладаць на нацыянальныя мовы. Таму ў 1924 — 1929 гадах падтрымліваліся беларускі тэатр, школы, развівалася беларуская мова. Такім чынам, бальшавікі стаялі ля вытокаў канцэпцыі беларускай нацыянальнай гісторыі. Потым Сталін вырашыў, што хопіць. Тады беларусы зразумелі, што за плячыма ў іх доўгі гістарычны шлях па-за расейскімі «абдымкамі». Нават пісалі пра войны паміж Расеяй і Вялікім княствам Літоўскім, аб анэксіі тэрыторыі Смаленска Расеяй, агрэсіўных войнах Івана IV. Гісторыя была ў Беларусі палітыкай і застаецца ёю сёння. Таму гісторыкі ў Беларусі старанна абмінаюць тэму сучаснай беларускай гісторыі. Яны баяцца, напрыклад, сказаць, што насельніцтва падтрымала абвяшчэнне беларускай мовы адзінай дзяржаўнай у 1990 годзе. Цяперашняя ўлада прыняла б гэта ў штыкі. Згаданы вамі лозунг «Толькі б не было вайны» я расцэньваю як паразітаванне на нашай агульнай траўме. Паколькі ад пакалення, якое ўсё гэта перажыло, амаль нікога не засталося. І цяпер нам, калі гэта камусьці выгадна, паўтараюць: ты хочаш, каб зноў была вайна? Гэта чыстай вады маніпуляванне. Як быццам нам пагражае нешта падобнае… Больш сур’ёзная пагроза — глабальнае пацяпленне. Запалохваць вайной — вельмі хітры ход. «Вы хочаце, каб у нас быў такі ж хаос, як ва Украіне?» — пытаюцца ў людзей лукашэнкаўскія прадстаўнікі. Але чаму яны не пытаюцца: «Ці хочаце вы жыць гэтак жа, як у Швейцарыі?», — дадае Алена Маркава ў канцы свайго інтэрв’ю чэшскаму выданню Deník N.
Беларускае Радыё Рацыя