Бярозаўскі „Цеплапрыбор” перайшоў на трохдзёнку



З 23 лютага бярозаўскае прадпрыемства „Цеплапрыбор” перайшло на трохдзённы працоўны тыдзень. У сувязі з гэтым упалі і так невысокія заробкі. З чатырох мільёнаў пры новым рэжыме працы інжынер будзе атрымліваць крыху больш за два.

Памяняць месца працы немагчыма. Не лепшая сітуацыя і на астатніх прадпрыемствах горада, кажа супрацоўнік прадпрыемства:

– Няма грошай, няма заказаў, няпоўная загружанасць, што раней маглі браць, то цяпер увогуле не бяруць, праблемы з цэнамі – чым бядней становяцца, тым менш пакупаюць. Ісці няма куды, паўсюдна такая сітуацыя – заробкі паўсюдна падаюць, паўсюдна скарачэнні нейкія ідуць. Пакуль перспектывы не бачу.

Прычыну цяперашняга крызісу не толькі свайго прадпрыемства, а ў цэлым і беларускай эканомікі, супрацоўнік „Цеплапрыбора” бачыць у адсутнасці тэхнічнага пераабсталявання:

– У Менску прадпрыемствы яшчэ на этапе эпохі адраджэння, а ў нас жа каменны век. У Бярозе ўвогуле зрабіць канкурэнтаздольную прадукцыю на гэтым абсталяванні, хоць будзе сем пядзяў у ілбе, гэта не зробіш, на калене гэта ўсё не зробіш.

Беларусі пасля атрымання незалежнасці перш за ўсё трэба было арыентавацца на свае магчымасці, а іх не так мала, лічыць спецыяліст-практык.

Беларускае Радыё Рацыя