Аляксандр Ярашук: Страйкі перайшлі ў больш бяспечную форму
Хаця ўлады зрабілі ўсё, каб сарваць нядзельнае шэсце пратэсту ў Менску, народную інаўгурацыю Святланы Ціханоўскай, але ў іх гэтага не атрымалася.
Па словах старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычный прафсаюзаў Аляксандра Ярашука: „Усё — роўна ўсё адбылося так, як мы жадалі, так, як павінна быць. Таму што беларусы — неверагодныя. Яны перамаглі свой страх, і канчаткова прыгаварылі дыктатуру”. Па яго словах, барацьба працягваецца не толькі на вуліцах, але і ў працоўных калектывах:
– Насамрэч страйкі перайшлі ў тую больш бяспечную форму і мы гэта ведаем. Мы кантактуем з рабочымі ўвесь гэты час, больш бяспечную для іх форму „італьянкі”, як іх каротка называюць. Гэта не менш эфектыўна і больш прыносіць шкоды для рэжыму, чым такія адкрытыя страйкі. „Італьянскі страйк”, калі людзі прыходзяць і працуюць на паўсілы, або наогул не працуюць, а таксама розныя формы ігнаравання ўказанняў.
„І гэта датычыць не толькі працоўных. Гэта датычыць у значнай ступені і чынавенства. І гэтыя чыннікі, насамрэч, прывялі і надалей будуць весці да таго, што эканоміка ўжо больш не зможа нармалёва працаваць — да той пары, пакуль узурпатар не сыдзе”, — лічыць Аляксандр Ярашук.
Беларускае Радыё Рацыя