Пра поле цудаў
Ліса Аліса і кот Базіліо ў параўнанні з беларускімі ўладамі – проста сама сумленнасць. Падумаеш, кот Базіліо прыкідваецца сляпым, каб атрымаць міластыню. Падумаеш, кот Базіліо і ліса Аліса ўсяго толькі нагаварылі Бураціна, што калі той закапае грошы, то на раніцу на тым месцы вырасце дрэва з манетамі замест лісця. Іншая справа беларускія ўлады. Яны пра поле цудаў не распавядаюць. Яны проста гавораць адно, а робяць зусім іншае. Сказалі, што будзе рэферэндум наконт пабудовы акумулятарнага завода, а самі насамрэч узялі і адмянілі рашэнне аб спыненні будаўніцтва. Вось і ўвесь рэферэндум. Вось і ўсе абяцанні.
У Берасці працягнуць будаваць акумулятарны завод. Нягледзячы на ўсе пратэсты гараджан. А распараджэнне тамтэйшага старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса аб спыненні будаўніцтва адмененае самім жа Анатолем Лісам. Перадумаў, відаць. Такое адчуванне, што вырашаў пойдзе ці не пойдзе на дзень народзінаў. Падумаеш, народ супраць заводу. Ліс пры прыняцці рашэнняў глядзіць не на жыхароў, а на аднаго чалавека. А той самы чалавек абяцаў рэерэндум, на якім мусіла быць вырашана: быць заводу ці не. Але, відаць, таксама перадумаў. Не, яно зразумела. Не ён жа будзе жыць каля шкоднай вытворчасці. Самае цікавае заводам атрыманыя станоўчыя заключэнні экалагічнай экспертызы і нават дазвол на выкіды. Выкідвайце шкодныя для здароўя беларусаў рэчывы ў паветра колькі заўгодна. Дразды ад акумулятарнага заводу далёка.
Самае цікавае, у прэс-службе кампаніі супакоўваюць. Маўляў, гаворка ідзе толькі пра аднаўленне будаўніцтва, а не пра запуск вытворчасці. Яны сапраўды думаюць, што людзі ім павераць, што завод будуюць проста так? Кшталту, пабудавалі, стужку перарэзалі, а вытворчасць не запусцілі, бо неэкалагічна. Лепей бы ўжо, як ліса Аліса і кот Базіліо распавядалі б пра дрэва з манетамі замест лісцяў.