Святлана Ціханоўская сустрэлася з Эмануэлем Макронам



Святлана Ціханоўская ў Вільні сустрэлася з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, які зараз знаходзіцца з афіцыйным візітам у Літве, паведамляе delfi.lt.

Сустрэча пачалася ў 8.30 раніцы. Экс-кандыдатка ў прэзідэнты атрымала абяцанне дапамогі ў імкненні да перамоваў па ўрэгуляванні палітычнага крызісу і вызваленні палітычных зняволеных. „Ён паабяцаў нам зрабіць усё, каб дапамагчы ў перамовах (па вырашэнні) палітычнага крызісу ў нашай краіне”, – сказала журналістам у аўторак  Ціханоўскіая.

Эмануэль Макрон гатовы выступіць пасярэднікам для дапамогі ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў журналістам пасля сустрэчы з Ціханоўскай. „У нас была вельмі добрая дыскусія, але цяпер мы павінны быць прагматычнымі і падтрымліваць народ Беларусі. Мы зробім усё, што ў нашых сілах”.

Як паведамляе AFP, Святлана Ціханоўская заявіла пасля сустрэчы з Макронам, што атрымала ад яго прапанову выступіць перад французкім парламентам. Яна прыняла гэту прапанову.

Перад сустрэчай з прэзідэнтам Францыі Святлана Ціханоўская адзначыла: «Вельмі важна, што еўрапейскія краіны не засталіся абыякавымі да таго, што адбываецца ў Беларусі. Францыя як адна з найстарэйшых дэмакратый выдатна разумее нас. Таму я збіраюся нагадаць спадару Макрону пра нашую галоўную мэту — новыя свабодныя і празрыстыя выбары, якія павінны адбыцца цягам гэтага году».

Фота: © Reuters / Scanpix