Надзя Саяпіна: Мы з суддзём разбіралі розніцу між перформансам і несанкцыянаваным мерапрыемствам



Сённяшняя «Госця Рацыі» адна з першых адрэагавала на арышт карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» і зладзіла ў Менску перфоманс «Здабытак». А ўжо пасля выбараў прыняла ўдзел у перформансе пад сценамі сталічнага Палацу мастацтваў, дзе дэманстравала фотаздымкі з пабоямі людзей пасля 9 жніўня, за што яе пакаралі 15 суткамі арышту.

Пра тое, як гэта адбылося і ў чым сэнс перформанса як творчага акту, пагутарым з вольнай мастачкай Надзеяй Саяпінай.

РР: Калі разбірацца з чаго ўсё пачалося, то ці можам мы ўспомніць гісторыю, калі 3 верасня гэтага года выйшаў ваш артыкул “Усё пачалося з Евы”, дзе было выкладзена беларускае пяцікніжжа. Гэта быў такі артыкул пра жаночы пратэст у Беларусі, вельмі цікавы аналіз, як выбары пераўтварыліся ў паўстанне фактычна. Як вы самі адчуваеце, ці не стаў гэты артыкул падставай вашага зняволення?

Надзея Саяпіна: Не, дакладана не. Я зараз здзіўлена, што ёсць такая думка. Гэта быў артыкул вузкаспецыялізаваны для фемінісцкага парталу. І я на той момант толькі аддала яго на публікацыю. Я яшчэ не бачыла, што ён выйшаў. Мяне арыштавалі. Яны хутчэй супалі па часе. Большая частка людзей, як і я, сыходзяцца ў думцы пра тое, што магчыма менавіта я з усіх тых людзей, якія ўдзельнічалі ў перформансе, была арыштаваная, таму што да гэтага быў другі перформанс, які быў ідэйна мой і арганізаваны мною. Але ён не з’яўляўся несанкцыянаваным мерапрыемствам. І не нёс такога прамога палітычнага характару. На мой погляд, ён быў звязаны больш з пытаннямі мастацтва, чым палітыкі. Але паколькі ён нашумеў, СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра яго, ёсць верагоднасць, што проста падумалі органы, што я магла быць арганізатарам той акцыі, у якой мяне абвінавацілі. Але арганізатарам я не з’яўлялася.  Канфіскаваныя пры вобшуку і далучаныя да справы дакументы, як я разумею, таксама нічога не пацвердзілі, адзіным доказам удзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве былі фотаздымкі з Фэйсбуку і паказанні сведкі, якія зараз выклікаюць вельмі шмат пытанняў наколькі яны праўдзівыя. Адпаведна, зразумець чаму я сярод вялікай колькасці такім жа чынам адзначаных на фотаздымках людзей з гэтай акцыі, выразных версій няма.

РР: Пра якую дату і перформанс ідзе гаворка? Што вам паставілі ў віну?

Надзея Саяпіна: Мне паставілі ў віну ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і выкрыкванне лозунгаў, хоць гэтага не было. Размова ідзе пра мастацкі перформанс, які праводзіўся на вуліцы Казлова на прыступках і перад будынкам Палаца мастацтваў. Ён праходзіў 15 жніўня. Мяне ўзялі як удзельніцу, у якасці пацверджання майго ўдзелу былі фотаздымкі ў Фэйсбуку. Быў прыцягнуты сведка, які з’яўляецца супрацоўнікам РАУС, які сцвярджаў, што бачыў мяне і бачыў, што я выкрыкваю лозунгі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

 

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота са старонкі Надзеі Саяпінай у Фэйсбук