Макрон гатовы выступіць пасрэднікам ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон гатовы выступіць пасрэднікам для дапамогі ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў журналістам пасля сустрэчы з экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай 29 верасня ў Вільні.
„У нас была вельмі добрая дыскусія, — цытуе Макрона агенцтва BNS. — Але цяпер мы павінны быць прагматычнымі і падтрымліваць народ Беларусі. Мы зробім усё, што ў нашых сілах, паверце мне”.
Паводле яго слоў, ва ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі можа ўдзельнічаць Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). „Як еўрапейцы, мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы, каб вярнуцца да пасрэдніцтва АБСЕ і дамагчыся прагрэсу”, — сказаў Макрон.
Ціханоўская, каметнуючы сустрэчу з Макронам, пацвердзіла, што ён абяцаў дапамагчы ў перамовах па вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі. „Ён сказаў, што час вельмі важны, бо многія людзі пакутуюць ад рэжыму, мноства людзей знаходзіцца ў турмах, і ён зробіць усё, каб дапамагчы, каб усе палітычныя зняволеныя былі адпушчаныя”, — цытуе Ціханоўскую партал delfi.
Раней прэс-служба Ціханоўскай паведамляла, што „асноўнай тэмай размовы будзе магчымасць арганізацыі перамоваў на тэму правядзення новых выбараў прэзідэнта Беларусі і магчымай медыяцыі іншых краін, у тым ліку Францыі”.
У Літву прэзідэнт Францыі прыбыў напярэдадні ўвечары з афіцыйным візітам. На прэс-канферэнцыі вечарам 28 верасня пасля перамоваў з літоўскім калегам Гітанасам Наўседам ён паведаміў, што падчас сустрэчы з Ціханоўскай мае намер пацвердзіць пазіцыю Францыі і ЕЗ аб непрызнанні афіцыйных вынікаў выбараў у Беларусі і Лукашэнкі як прэзідэнта, абмеркаваць ініцыятыву пасрэдніцтва АБСЕ ў вырашэнні палітычнага крызісу, каб пачаць працэс, які будзе прызнаны беларускай грамадзянскай супольнасцю і „дазволіць мірны транзіт”, выключаючы знешняе ўмяшанне.
belapan.by
Фота ru.delfi.lt