Ужо 20 падазраваных па крымінальнай справе ў дзень з вадамётам
Упраўленне Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці паведамляе пра чарговую крымінальную справу. Тычыцца яна факта так званых «групавых дзеянняў груба парушаючых грамадскі парадак», якія нібыта мелі месца 13 верасня ў Берасці. Тады берасцейцы ў чарговы раз выйшлі на марш пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, але неўзабаве былі разагнаны з дапамогай АМАПу і вадамёта.
Мясцовы праваабаронца Уладзімір Вялічкін раіць звяртацца па юрыдычную дапамогу да праваабаронцаў у тым ліку і падазраваным па гэтай справе:
– Трэба проста не сядзець, маўляў, нічога не атрымаецца. А ўсё ж такі змагацца за свае правы, за свае інтарэсы. Урэшце рэшт права пераможа і ў гэтай краіне.
Некалькі дзён таму ўжо праскоквала інфармацыя ў мясцовых СМІ пра як мінімум 9 падазраваных. Цяпер УСК Берасцейшчыны паведамляе пра ажно 20 чалавек, аднаго з якіх змясцілі пад варту. Справа заведзена па ч.1 арт.342 КК і пакаранне па ім прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя