Святлана Алексіевіч атрымае найвышэйшую культурную ўзнагароду Даніі
Прэмію Sonning 2021 атрымае лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.
Капенгагенскі ўніверсітэт (KU) абвясціў аб прысуджэнні беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч прэстыжнай прэміі Sonning Prize, паведамляе сайт газеты Copenhagen Post.
«Мы з нецярпеннем чакаем магчымасці вітаць Святлану Алексіевіч і адзначыць яе працы і ўклад у еўрапейскую культуру», — сказаў Хэнрык Вэгенэр, рэктар Капенгагенскага ўніверсітэту.
«Яе намаганні ў адносінах да народа Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні — відавочны працяг справы яе жыцця і патрабуюць яшчэ большага прызнання яе мужнасці і намаганняў».
Раней сёння стала вядома, што Алексіевіч знаходзіцца ў Нямеччыне на запрашэнне Нямецкай службы акадэмічных абменаў і можа там прабыць да году. Прэмія Sonning — гэта найвышэйшая ўзнагарода Даніі ў галіне культуры, якая прысуджаецца раз у два гады за выдатны ўклад у еўрапейскую культуру.
Прэмія, названая ў гонар дацкага пісьменніка Карла Ёхана Сонінга (1879-1937), была ўпершыню прысуджана ў 1950 годзе Уінстану Чэрчылю.
Сярод іншых папярэдніх лаўреатаў — Нільс Бор, Лоўрэнс Аліўе, Інгмар Бэргман, Вацлаў Гавэл, Ёрн Утцан і Лярс фон Трыер.