Ігар Бублікаў: Падчас працы затрымалі нейкія „баевікі”



Гарадзенскага журналіста, рэдактара Newgrodno.by Ігара Бублікава гвалтоўна затрымалі ў нядзелю 27 верасня падчас працы на акцыі.

Журналіст лічыць, што затрыманне было перашкодай у яго прафесийнай дзейнасці:

– Як звычайна па форме сваёй, у камізэльцы „Прэса”, з тэлефонам для фотаздымкаў. Нават ужо бег, бо ўбачыў, што там ужо пачаліся затрыманні. Была нават Вольга Камягіна, тут рэзка выскаквае пяць гэтых баевікоў. Адзін такі кажа: „Так, TUT.BY можаш ісці”. Мяне рэзка, моцна па плячу, пачынаюць зрываць камізэльку: „Пасведчанне!”. Я не ведаў што сказаць, сказаў, што яно ў мяне ў машыне, хаця яно ляжала ў мяне ў кішэні.

Па словах журналіста, яго завезлі ў РАУС, затым у гарадзенскую вязніцу, дзе пратрымалі амаль суткі да вечара 28 верасня:

– У дворыку гадзіну дваццаць яшчэ недзе гулялі, пасля далі лейтэнанціку, каб пратакол складаў. Складаў пратакол, я з ім не згадзіўся канешне ж. Пасля павялі ў спортзал, дзе знаходзіліся іншыя затрыманыя. 

РР: Колькі прыкладна чалавек было?

Каля 40. Таксама недзе гадзіну пасядзелі. Пасля адну партыю – сямнаццаць чалавек адправілі. Пасля нас, другую партыю – сямнаццаць чалавек. Дзве жанчыны засталіся, траіх чалавек на якіх завялі крымінальную справу.

Суд над Ігарам Бублікавым адбудзецца 1 кастрычніка 2020 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні. Журналіст да суда знаходзіцца на свабодзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня