IT-кампанія PandaDoc адкрывае офіс ва Украіне



IT-кампанія PandaDoc адкрывае офіс ва Украіне, паведаміў сузаснавальнік кампаніі Мікіта Мікада ў інтэрв’ю ўкраінскаму выданню Dou.ua.

„Мы адкрываем кампанію ва Украіне, актыўна шукаем супрацоўнікаў, не толькі інжынераў, але і сэйлзаў, маркетолагаў. З Менска пераехала ўжо прыблізна 60 чалавек у Кіеў, Адэсу і Львоў. Ва Украіны ёсць некалькі плюсоў. Першае — гэта мясцовы рынак талентаў. Другое — тое, што ўсе гавораць на рускай мове. І тым хлопцам, якія прыязджаюць з Беларусі, трошкі прасцей. Ёсць пытанні з міграцыйным заканадаўствам, але ваш урад прама актыўна ўключыўся ў тое, каб іх вырашаць. І чацвёртае — падатковыя ўмовы ва Украіне вельмі выгадныя, яшчэ больш выгадныя, чым у Беларусі”, — сказаў Мікада.

Ён растлумачыў прычыны пераезду менскага офіса. „Адразу пасля таго як здарыліся вось гэтыя збіванні, мы правялі апытанне, і 83% супрацоўнікаў сказалі, што хацелі б пакінуць Беларусь. Людзям рэальна страшна, калі на вуліцах гранаты выбухаюць. Але мы не збіраліся закрываць офіс. Калі нашых хлопцаў пасадзілі ў турму, тады вырашылі”, — адзначыў сузаснавальнік PandaDoc.

„Падзеі ў Беларусі, вядома ж, паўплывалі на нашу працу. Як можна чакаць ад чалавека прадуктыўнай працы, калі ў яго за акном гранаты выбухаюць. Гэта ж немагчыма, калі столькі стрэсу. Рахункі замарозілі, зарплату не маглі плаціць. Пры гэтым кампанія ўнутры настолькі моцная, што толькі адзін чалавек з 240 пасля гэтых стрэсаў пайшоў з кампаніі. Людзі, вядома, у нас чароўныя. Бясконца ўдзячны ім за гэта, ганаруся сваёй камандай. Натуральна, была страта прадуктыўнасці. А як па-іншаму? Крэатыўнае мысленне і страх не жывуць разам. На біялагічным узроўні чым вышэйшы ўзровень картызолу, тым ніжэйшая выпрацоўка сератаніну”, — падкрэсліў Мікада.

Кампанію PandaDoc беларусы Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк стварылі ў 2011 годзе ў ЗША. У 2013 годзе запусцілі сэрвіс па аўтаматызацыі дакументазвароту, які стаў адным з самых паспяховых міжнародных стартапаў. Галаўны офіс PandaDoc знаходзіцца ў Сан-Францыска, пры гэтым непасрэдна распрацоўкай прадукту займаецца офіс у беларускай сталіцы.

2 верасня ў мінскім офісе PandaDoc прайшлі вобшукі, былі затрыманыя чатыры топ-менеджары, а рахункі кампаніі заблакаваныя. Затрыманым на два месяцы супрацоўнікам інкрымінуецца крадзеж у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 КК) — прыблізна 107 тысяч рублёў.

Крымінальны пераслед мінскага офіса ў PandaDoc звязваюць з прыватнай ініцыятывай Мікады па падтрымцы былых сілавікоў, якія вырашылі пакінуць праваахоўныя органы з-за маральна-этычных меркаванняў.

„Мы ў PandaDoc заўсёды ганарыліся тым, што мы з Беларусі. Мы імкнуліся паказаць перавагі Беларусі на ўсіх інвестыцыйных сустрэчах. Мы прыцягнулі шмат грошай у Беларусь і расказвалі пра наш тэхналагічны талент вельмі многім людзям з многіх краін. Мы дзяліліся сваім вопытам з індустрыяй, праводзілі тэхналагічныя канферэнцыі, дапамагалі настаўнікам і рабілі хакатоны. Мы стварылі адну з самых моцных B2B SaaS прадуктовых каманд у Еўропе, стварылі 250 працоўных месцаў у Мінску з планамі на яшчэ 50 да канца года. За апошні тыдзень усё гэта было перакрэсленае”, — адзначыла PandaDoc у сваёй заяве 11 верасня.

15 верасня стала вядома, што Мікада прыпыніў праект дапамогі сілавікам. На наступны дзень CEO стартапу Deepdee і адзін з сузаснавальнікаў фонду салідарнасці BYSOL Яраслаў Ліхачэўскі паведаміў пра гатоўнасць даць працяг гэтай ініцыятыве.

belapan.by