„Белавія” з сённяшняга дня аднаўляе рэйсы па маршруце Менск – Масква



Авіякампанія „Белавія” 30 верасня аднаўляе выкананне рэйсаў па маршруце Менск — Масква — Менск, якія былі перапыненыя з-за сітуацыі з COVID-19.

У адпаведнасці з абмежаваннямі, устаноўленымі авіяцыйнымі ўладамі Расейскай Федэрацыі, палёты будуць выконвацца адзін раз на тыдзень (па серадах) у аэрапорт Дамадзедава, паведамілі ў прэс-службе „Белавія”.

Расклад рэйсаў (час названы мясцовы): вылет з Менска ў 12.35; вылет з Масквы 14.45. Час у дарозе складзе 1 гадзіну 20 хвілін.

Як адзначае „Белавія”, пасажырам, якія прыбываюць у Расейскую Федэрацыю або едуць транзітам, неабходна мець медыцынскую даведку з адмоўным вынікам ПЦР-тэсту на каранавірус (COVID-19), выдадзеную не пазней, чым за 72 гадзіны да прыбыцця. Гэта не адносіцца да грамадзян Расійскай Федэрацыі.

Грамадзянам Расеі, якія прыбываюць у РФ паветраным транспартам, неабходна: запоўніць анкету таго, хто прыбывае, на борце паветранага судна; да рэгістрацыі на рэйс запоўніць электронную форму анкеты на Адзіным партале дзяржаўных і муніцыпальных паслуг; на працягу трох каляндарных дзён пасля прыбыцця на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі здаць ПЦР-тэст і паведаміць пра вынікі даследавання на Адзіным партале дзяржаўных і муніцыпальных паслуг.

Да атрымання вынікаў даследавання на COVID-19 неабходна выконваць самаізаляцыю па месцы жыхарства (знаходжання), падкрэсліваюць у авіякампаніі „Белавія”.

Варта зазначыць, што расейская авіякампанія „Аэрафлот” аднавіла рэгулярныя палёты ў нацыянальны аэрапорт Менск 26 верасня. Перапынак у палётнай праграме, выкліканы абмежаваннямі з-за пандэміі каранавіруса, працягваўся з канца сакавіка 2020 года.

Паводле інфармацыі аэрапорта, рэйсы „Аэрафлота” SU1842 Масква — Менск і SU1843 Менск — Масква будуць выконвацца адзін раз на тыдзень па суботах. У кастрычніку „Аэрафлот” плануе павялічыць колькасць рэйсаў. Да ўвядзення каранціну расійская авіякампанія штодня выконвала сем рэйсаў у мінскі аэрапорт.

belapan.by