Затрыманая баскетбалістка Алена Леўчанка, ёй прысудзілі 15 сутак
Як паведаміў БелаПАН яе адвакат Міхаіл Кірылюк, разгляд справы Леўчанкі па арт 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) адбыўся 30 верасня ў судзе Ленінскага раёна сталіцы. Сама Алена ўдзельнічала ў пасяджэнні дыстанцыйна — па відэасувязі з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пасяджэнне было адкрытым. Падтрымаць вядомую спартсменку прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.
Паводле слоў адваката, Алене ставіўся ў віну ўдзел у двух масавых мерапрыемствах у Мінску: 23 жніўня — на праспекце Незалежнасці і 27 верасня — на праспекце Машэрава. Суддзя прыняла пастанову арыштаваць Леўчанку з улікам „яе грамадскай небяспекі з прычыны таго, што баскетбалістка з’яўляецца злосным парушальнікам — да гэтага парушала ПДР”. „Мы з рашэннем не згодныя. Ёсць працэсуальныя парушэнні, парушэнне матэрыяльнага права і г.д. Таму будзем абскарджваць”, — сказаў Кірылюк.
Баскетбалістка Алена Леўчанка 30 верасня раніцай была затрыманая ў менскім аэрапорце перад вылетам на лячэнне і рэабілітацыю, паведаміў БелаПАН яе адвакат Міхаіл Кірылюк.
Паводле яго слоў, Алена патэлефанавала яму і паведаміла, што яе вязуць у Ленінскае РУУС, нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП). „У РУУС мне не пацвердзілі, што Алена знаходзіцца ў іх. Затым патэлефанаваў чалавек, назваўся, што ён з ізалятара на Акрэсціна. Сказаў, што Леўчанка там. Цяпер еду туды”, — адзначыў Кірылюк.
Алена Леўчанка ўваходзіць у ініцыятыву „Свабоднае аб’яднанне спартсменаў Беларусі”, створаную ў пачатку верасня вядомымі беларускімі спартоўцамі супраць гвалту і самавольства ў краіне. 25 верасня ініцыятыва апублікавала відэазварот. Вядомыя спартсмены, у тым ліку Леўчанка, казалі пра тое, што „дзяржаўныя органы штодня і паўсюдна парушаюць Канстытуцыю, законы і Алімпійскую хартыю і базавыя правы чалавека — людзей запалохваюць, затрымліваюць, рэпрэсуюць і катуюць”. Яны заклікалі сваіх „калегаў-спартоўцаў, балельшчыкаў і ўсіх людзей на планеце” стаць на іх бок „у гэтай вайне паміж дабром і злом”.
Супраць гвалту ўладаў Алена Леўчанка неаднаразова выказвалася і асабіста, яна таксама хадзіла на нядзельныя маршы прыхільнікаў перамен.
Атрымаць аператыўны каментар у ГУУС Мінгарвыканкама і ў МУС пакуль не ўдалося.
belapan.by