Генадзь Фядыніч: Праз пару месяцаў з эканомікай будуць вялікія праблемы



Сітуацыю ў працоўных калектывах Беларусі, настроі працоўных, магчымасць страйкаў журналіст Радыё Рацыя абмяркоўвае з прафсаюзным лідарам Генадзем Фядынічам.

Генадзь Фядыніч: Страйк трэба рыхтаваць. Так проста не бывае…  Але хачу сказаць, што на тых, хто страйкаваў, ідуць звальненні. Калі не звальненні, то ў адпаведнасці з працоўным кодэксам многіх пазбавілі прэміяў на паўгода. Гэта не надае ў працоўных калектывах адпаведнай атмасферы. Наадварот, калі народ раздзяляецца, злуецца, гэта датычыць і інстытутаў, напрыклад, „Белэнергапраект”, гэта датычыць і “Беларуськалія”, і трактарнага завода. Але пайшла такая тэндэнцыя – выхад з прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю. І ў бюджэтнай сферы таксама, гэта датычыцца і дактароў, і культуры, і студэнтаў. Да нас прынеслі 80 заяў з медыцынскага ўніверсітэта. Яны будуць сябрамі Свабоднага прафсаюза беларускага. Зараз самае галоўнае, народ, які выйшаў, не ведае, што далей рабіць.

РР: Вы сказалі, што людзей пачынаюць звальняць, пазбаўляць прэміяў. Гэта на якіх заводах?

Генадзь Фядыніч: Напрыклад, у інстытуце “Белэнергапраект”. Калі першых звольнілі, то 90 чалавек напісалі заявы, што яны таксама гатовы сысці з гэтага інстытута.  Але ў выніку засталіся на працы, праўда, потым па паўгода іх пазбавілі прэміяў, а гэта амаль палова заробку ў людзей. І якая будзе матывацыя да працы ў гэтых работнікаў. Нулявая. Вось у чым справа.

РР: Можна звольніцца, знайсці іншую працу, ці з’ехаць у іншую краіну.

Генадзь Фядыніч: І гэты працэс ідзе. Моладзь, у асноўным, з’язджае і будзе з’язджаць. Мне, аднак, здаецца, гэтай уладзе “па барабану”, што з’язджаюць. Але з кім вы застанецеся, з якімі спецыялістамі. На мой погляд, ужо праз пару месяцаў з беларускай эканомікай будуць вялікія праблемы.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя