Чаму змянілі расейскіх “лялькаводаў” на заходніх?



Актывіст руху “За свабоду” Юрась Меляшкевіч распавядае пра тое, як беларускі рэжым шукае знешніх ворагаў.

У залежнасці ад кан’юнктуры “лялькаводы” ў схеме беларускага рэжыму лёгка змяняюцца. Калі да выбараў гэта была Расея, то сёння галоўны вораг – Захад.

Юрась Меляшкевіч: Лукашэнка перад выбарамі адчуваў сваю слабасць, у тым ліку, і перад магчымымі расейскімі сцэнарамі. Таму спрабаваў зачысціць палітычнае поле, дыскрэдытаваць усіх удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі для таго, каб застрашыць грамадства тым, што Расея плануе захоп улады ў Беларусі. Адразу ж з’явіліся расейскія баевікі, якіх затрымалі, а “некалькі сотняў яшчэ бегае па лясах”, у МЗС збіралі еўрапейскіх паслоў і распавядалі ім, відаць, пра пагрозу з боку Крамля.

А зараз, калі ўсе яго сапернікі ў турме, а Цэнтрвыбаркам намаляваў неабходныя лічбы, расейская пагроза раптам знікла, бо зараз рэжым на падтрымку грамадства не можа разлічваць. Ён можа разлічваць толькі на дапамогу Расеі, бо Захад ніколі не прыме той сцэнар і тую манеру палітычнай барацьбы, якую прадэманстраваў Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі і пасля гэтага. Масква зараз для яго – адзіны надзейны хаўруснік, які можа падзяліцца фінансамі і палітычнымі рэсурсамі.

РР: Як Расея будзе сябе паводзіць далей у гэтай сітуацыі?

Юрась Меляшкевіч: На маю думку, падчас выбараў быў быў запланаваны расейскі сцэнар палітычнага ўваходжання Беларусі ў склад Расеі праз сваіх кандыдатаў, але ён праваліўся. Замест таго, каб грамадства ўспрыняла больш мадэрновыя стасункі адзінства з Расеяй, беларусы выбралі тую форму і эстэтыку працэсу, якая была на паверхні – гэта беларуская нацыянальная сімволіка і суадносная рыторыка.

Думаю, што Масква, назіраючы гэты працэс, была і сама напалоханая тым, што ў Беларусі актывізавалася грамадска-палітычнае жыццё. Яно не прывяло да росту прарасейскіх настрояў, але паспрыяла пашырэнню нацыянальных настроеў. Адпаведна, у такой сітуацыі Крэмль вырашыў падтрымліваць беларускі рэжым, хаця дадатковых прэферэнцый яму не будзе. Гэтаму рэжыму далі той неабходны мінімум, які не дазволіць узмацніцца, але дасць магчымасць задушыць пратэсты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя