Рух – гэта жыццё? Або несанкцыянаваны мітынг?
Чытаеш афіцыйную статыстыку па кавіду і ловіш сябе на думцы, што мы зноўку ўваходзім у няпростую гісторыю, маючы за плячыма нявырашаныя задачы мінулага лета.
Гэтыя задачы зусім з іншай оперы, але яны не дадаюць здароўя і аптымізму беларусам. Навукай даўно даказана, што з добрымі думкамі прасцей змагацца з любой хваробай, а рух – гэта жыццё! Што ж мы маем цяпер? Любыя рухі могуць стаць несанкцыянаваным мітынгам, любое нефармальнае выказванне – паклёпам на штосьці святое або кагосьці недатыкальнага. Рухацца наперад пры такім раскладзе немагчыма.
І немагчыма выбудаваць нармалёвае ўзаемадзеянне ў часы сур’ёзнай эпідэміі, калі адукацыя займаецца ідэалогіяй, а не праблемамі педагогікі. Амерыканскія школьнікі распачалі новы навучальны год анлайн і не ведаюць, калі дойдуць да школы. Расейскія школьнікі 1 верасня пайшлі ў свае навучальныя ўстановы, а сёння вучні ў Маскве ўжо сыходзяць на двухтыднёвыя незапланаваныя вакацыі. Тым часам у сталіцы нашай Радзімы горадзе-героі Менску то той, то іншы клас адпраўляюць на так званую хатнюю ізаляцыю: хварэюць на кавід і настаўнікі, і вучні, што пацвярджаецца тэстамі. Рана ці позна перыяд ізаляцыі скончыцца, але ж вучыцца трэба ўжо сёння. Чаму не прапанаваць школьнікам заняткі анлайн? Настаўнікі яшчэ вясной прапаноўвалі такі фармат, але Міністэрства адукацыі сказала сваё рашучае “не!”, чарговы раз адбіўшы ахвоту педагогагам ініцыятыву праяўляць. Зразумела, асобныя падзвіжнікі застаюцца, але гэта выключэнне, не адмаўляе само правіла. І гэта не ратуе сітуацыю ў цэлым па краіне.
Медыкі. Пасля “справы ўрачоў” і выказанай не раз непавагі да медыцыны было ўвогуле дзіўна, што нашы медыкі сталі гераічна змагацца з кавідам у самым пачатку… Што будзе цяпер, калі непавагі і рэпрэсій стала больш? Што будзе цяпер, калі ўлада зноўку не чуе простага доктара? Хіба чарговы раз прыпячэ тых, хто на самым версе. І моцна.