Марына Золатава: Мы працуем ва ўмовах, калі ўлада вядзе гульню без правіл
Па словах галоўнага рэдактара інфармацыйна-аналітычнага парталу ТУТ.бай Марыны Золатавай, прыпыненне выпуску ТУТ. бай на 3 месяцы па рашэнні Міністэрства інфармацыі – гэта новы від ціску на незалежныя СМІ.
„Мы бачылі, што журналістаў затрымліваюць і судзяць, па-другое, гэта блакіроўка рэсурсаў. Але ўлады абралі іншы шлях ціску – блакіроўку доступу журналістаў на акцыі пратэсту,” – кажа Марына Золатава.
– Самае галоўнае для нас, гэта, па-першае, бяспека журналістаў. Па-другое, наш прафесійны абавязак – інфармаваць людзей пра тое, што адбываецца ў краіне. Таму мы будзем шукаць шляхі як аператыўна, якасна гэтую працу рабіць. Канешне, з самага пачатку прэзідэнцкай кампаніі было зразумела, што яна будзе развівацца па жорсткім сцэнары. Таму нечаканасцю сам ціск для нас не быў.
Марына Золатава не выключае, што ўлады могуць заблакаваць і доступ да сайту ТУТ.бай. Але і гэта не безвыходная сітуацыя. „Мы ж перажылі некалькі дзён пасля выбараў, калі ў краіне фактычна быў выключаны інтэрнет. І мы бачылі, як працавалі калегі, калі ўсе прыярытэты перамяшчаюцца ў сацыяльныя сеткі і праца працягваецца”, – кажа Марына Золатава. Па яе словах, сітуацыя, якая склалася ў краіне, абуральная. Адбыўся прававы дэфолт, права не працуе. „Таму мы вымушаныя вучыцца жыць і працаваць ва ўмовах, калі ўлада вядзе гульню без правілаў,” – падкрэсліла Марына Золатава.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск