Гандбольны клуб „Віцязь-Леон” адмовіўся выходзіць на матч у знак пратэсту
Гандбольны клуб „Віцязь-Леон” адмовіўся выходзіць на чарговы матч мужчынскага чэмпіянату краіны ў знак пратэсту супраць затрымання баскетбалісткі Алены Леўчанкі.
„Сённяшняя перадгульнявая раніца было азмрочаная абуральнай навіной: была затрыманая славутая беларуская спартсменка, адзін з лідараў Свабоднага аб’яднання спартсменаў Беларусі SOS by Алена Леўчанка. Гандбольны клуб „Віцязь” лічыць арышт Алены Леўчанкі незаконным. У сувязі з гэтым мы не маем маральнага права выходзіць сёння на пляцоўку”, — гаворыцца ў заяве клуба на яго старонцы ў „Фэйсбуку”.
У Беларускую федэрацыю гандбола накіраваны афіцыйны ліст, у якім клуб адмаўляецца праводзіць сённяшні хатні матч супраць „Машэкі” з Магілёва. „Асэнсоўваючы магчымыя наступствы, мы свядома робім гэты крок, пратэстуючы супраць беззаконня і гвалтоўнага націску на грамадзян Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.
Леўчанка была затрыманая сёння раніцай у мінскім аэрапорце перад вылетам на лячэнне і рэабілітацыю. Суд Ленінскага раёна арыштаваў яе на 15 сутак па арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Леўчанцы ставіўся ў віну ўдзел у двух масавых мерапрыемствах у Мінску: 23 жніўня — на праспекце Незалежнасці і 27 верасня — на праспекце Машэрава.
