Эдуард Пальчыс знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна



Грамадскі і палітычны актывіст, блогер Эдуард Пальчыс знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна ў Менску, паведаміла яго жонка Вікторыя Пальчыс у „Твітэры”.

Напярэдадні яна заявіла аб знікненні мужа. „Сябры, многія з вас заўважылі, што вось ужо некалькі дзён Эдуард Пальчыс не актыўны ў сацсетках, — напісала жонка ў „Фэйсбуку”. — Апошнія тыдні ён падазраваў за сабой сачэнне і меркаваў, што яго шукаюць спецслужбы”.

„У нядзелю, 27 верасня, ён планаваў перабрацца ў больш бяспечнае месца і папярэдзіў, што нейкі час будзе без сувязі. Аднак улічваючы, што „рэжым цішыні” з яго боку зацягваецца, я вымушаная падняць трывогу”, — адзначыла Вікторыя Пальчыс.

Яна запатрабавала ад праваахоўных органаў, у выпадку калі яе муж затрыманы, тэрмінова апавясціць пра гэта яго адваката.

Пальчыс уваходзіць у склад Нацыянальнага страйкавага камітэта, які быў створаны для падтрымкі рабочых, што абвясцілі забастоўку пасля прэзідэнцкіх выбараў.

belapan.by