Леанід Заіка: Не прасіў крэдыт, а патрабаваў у Масквы кампенсацыю за страты



Беларусь сёлета патрабуе 4 мільярды даляраў, каб выплаціць ранейшыя пазыкі, адзначыў у эфіры нашага радыё беларускі эканаміст Леанід Заіка. Чакаецца, што пытанне крэдыту мае быць асноўным у часе чаканай на будучым тыдні сустрэчы Аляксандр Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру „Стратэгія”, на месцы беларускага кіраўніцтва ён бы не прасіў крэдыт, а патрабаваў у Масквы кампенсацыю за страты, якія прынесла палітыка расейскага Цэнтральнага банку.

– Расея так абуральна дэвальвавала свой рубель, што яна толькі да студзеня недзе 60 мільярдаў скарыстала на тое, каб неяк збалансаваць сітуацыю. Не грэх сказаць: вы нам нанеслі эканамічныя страты сваёй дэвальвацыяй, таму 10 працэнтаў ад гэтай вашай дэвальвацыі  нам аддавайце – 6 мільярдаў, а можа нават і 10.

Пры канцы мінулага году ў сувязі з дэвальвацыяй расейскага рубля амаль у два разы, беларускі Нацыянальны банк быў вымушаны таксама правесці фактычную дэвальвацыю беларускай нацыянальнай валюты на 30 працэнтаў. Паводле цяперашняга кіраўніка галоўнай фінансавай установы Беларусі Паўла Калавура, у цэлым Нацыянальнаму банку ў студзені і лютым удалося стабілізаваць сітуацыю на фінансавым рынку Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя