У Міжнародны дзень паштовай карткі можна даслаць паштоўкі палітвязням
У Міжнародны дзень паштовай карткі, 1 кастрычніка, Белпошта даставіць паштоўкі бясплатна.
А праваабаронца “Вясны” Дар’я Рублеўская прапанавала ў гэты дзень падтрымаць палітвязняў:
– Я проста трошкі інтэрпрэтавала дзяржаўную акцыю. Гэта, безумоўна, добрая справа – даваць магчымасці даслаць бясплатна паштоўку. І супала, што зараз павялічваецца вось гэтая рэпрэсіўная машына. Палітвязнямі ў нас робяцца ўсё больш і больш. Таму я вырашыла нагадаць, што гэтую акцыю можна, у прынцыпе, скарыстаць для таго, каб зрабіць новую хвалю салідарнасці і падтрымкі палітвязняў.
Даслаць бясплатна паштоўкі ў Менску можна ў круглай зале галоўнага Паштамта.
Кажуць удзельнікі акцыі:
– Вырашыў прыйсці і напісаць паштоўкі. Сёння выходны ў мяне. Так бы мовіць, час карысна правесці.
– Вырашыла дзеля гэтага прагуляць пары. Вырашыла, што гэта важней.
РР: А каму вы падпісалі?
– Марфе Рабковай, Алене Маўшук, Святлане Купрэевай, Сяргею Спарышу…
РР: Што вы ім пішаце?
– А тое, што адчуваю. Што прыходзіць у галаву. Падзяку. Падтрымку.
– Мне хацелася б, каб ніхто з іх не адчуваў сябе там адзінокім, закінутым, забытым. Таму што гэта не так.
Акцыя па бясплатнай адпраўцы паштовак працягнецца ў Менску таксама з 15-ці да 17-ці гадзін. Што тычыцца іншых гарадоў, то інфармацыю варта спраўджваць на сайце Белпошты.
А адрасы палітвязняў можна глядзець на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя