Пра казус Загорцава



Яшчэ нядаўна сацыяльныя сеткі і незалежныя СМІ тыражавалі інфармацыю пра парадаксальны выпадак, які можна назваць унікальным у гісторыі двухмесяцовага супрацьстаяння беларускага народу з уладамі. Гаворка ідзе пра рэзанансны відэазварот экс-старшыні Смалявіцкага выканкаму Міхаіла Загорцава да грамадзянаў, вайскоўцаў і расейцаў. У грамадзянаў, пераважна ў моладзі, Міхаіл Загорцаў прасіў прабачэння за тое, што прадстаўнікі старэйшага пакалення дапусцілі ўзнікненне і функцыянаванне тыраніі. Да некаторых вайскоўцаў, якія, паводле аратара носяць генеральскія пагоны, былы функцыянер звярнуўся з падвойным месыджам: “чаму маўчыце” і “ведаеце, што рабіць”. Самая цікавая частка выступу, якая выклікала гарачыя абмеркаванні публікі, датычылася звароту да расейскіх начальнікаў. Ім былы беларускі наменклатурнік параіў не лезці ва ўнутраныя справы Беларусі, зазначыўшы, што ў разе ўварвання паўстане ўся краіна. Месца для запісу свайго відэа былы чыноўнік абраў сімвалічнае: мемарыял ахвярам ІІ Сусветнай вайны. То бок, нават сама лакацыя для здымак як бы наштурхоўвае на дзве думкі. Па-першае, беларусы не бачылі такога маштабу гвалту ў дачыненні да цывільнага насельніцтва з часоў апошняй вайны. І дзеянні сілавікоў, апранутых у чорнае, прама асацыююцца са злачынствамі калабарацыянісцкіх фармаванняў на акупаванай нацыстамі тэрыторыі. Па-другое, выбар месца для здымак нібыта намякае пра ўсенародны характар змагання, якое ў любы момант гатовае будзе каналізавацца ў барацьбу супраць любога акупанта, які паспяшаецца дапамагчы рэжыму, які, відавочна, страчвае пазіцыі.

Надзвычай смелы выступ учорашняга вертыкальшчыка, які ў першай палове 2020 года яшчэ кіраваў адным з раёнаў Меншчыны, ацанілі многія беларусы. Прычына папулярнасці гэтага звароту – надзвычай простая, паколькі, нягледзячы на працяглыя і масавыя пратэсты, толькі адзінкі з дзяржапарату праявілі салідарнасць з народам. Большасць чыноўнікаў і сілавікоў, прынамсі знешне, працягваюць дэманстраваць лаяльнасць кіраўніку дзяржавы. Аднак пікантнасць сітуацыі з Міхаілам Загорцавым заключаецца ў тым, што ён не толькі былы чыноўнік, але і той, хто працаўладкаваўся ў Расеі. І не проста ў Расеі, але ў анексаваным Крыме. Яго прынялі на службу ў гарадскую адміністрацыю горада-курорта Ялта. Як толькі гэта інфармацыя ўсплыла, адразу схільныя да канспіралагічных версій грамадзяне пачалі гаварыць пра расейскі след у заяве Загорцава. Але, што адметна, само жыццё паставіла кропку ў спрэчцы. Як толькі да расейскага начальства дайшла інфармацыя пра патрыятычны светапогляд былога беларускага чыноўніка, яго звольнілі без ваганняў за “русафобію і бандэраўшчыну”. Што цікава, адначасова з гэтым былога беларускага вертыкальшчыка ўкраінскія патрыёты адразу дадалі ў базу “Міратворац” як чалавека, што пагражае дзяржсуверэнітэту Украіны.

На першы погляд, абсалютна шызафрэнічная сітуацыя, калі чалавек з умеранымі беларускімі пазіцыямі, які асуджае гвалт сілавікоў і расейскае ўмяшальніцтва, працуе намеснікам мэра Ялты. Але супярэчнасці ў гэтай жыццёвай пазіцыі ўмоўныя, бо большасці беларусаў, нават патрыётаў,  праблемы Украіны чужыя. Яны могуць пакласці сваё жыццё ў абарону незалежнасці Беларусі, але пры гэтым не адчуваюць згрызотаў сумлення на адпачынку ў Крыме. Трэба дадаць, што ў Міхаіла Загорцава абсалютна тыповы светапогляд беларуса, які нарадзіўся ў вёсцы на Усходзе Беларусі. Ягонай радзімай з’яўляецца вёска Падгруша Чачэрскага раёну, які, хоць і геаграфічна блізкі да Расеі, аднак насельніцтва якога (каля 80%) называе беларускую мову роднай. У паводзінах Загорцава – ключ для разумення носьбітаў беларускага менталітэту, якія найперш засяроджаны на сваіх праблемах і не пераймаюцца чужымі бядотамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ