МЗС Украіны выклікала прадстаўніка беларускага пасольства



У МЗС Украіны 1 кастрычніка быў выкліканы дарадца-пасланнік беларускага пасольства (пасол у Кіеве адсутнічае) для давання тлумачэнняў у сувязі з удзелам у VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі (28—29 верасня) прадстаўніка „расійскай акупацыйнай адміністрацыі В.Канстанцінава (у фармаце відэаканферэнцыі)”.

„Украіна лічыць недапушчальнымі такія непрыязныя крокі беларускага боку, якія ставяць пад сумнеў прыналежнасць да Украіны часова акупаванай Расіяй АР Крым і г.Севастопаль”, — гаворыцца ў заяве знешнепалітычнага ведамства.

Прадстаўнік пасольства ў адказ „запэўніў, што афіцыйная пазіцыя Беларусі аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах ніякім чынам не змянілася”.

Падчас сустрэчы было таксама закранутае „пытанне аб недружалюбным інцыдэнце са спыненнем і надглядам аўтамабіля пасла Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма на ўкраінска-беларускай мяжы”. МЗС Украіны „да гэтага часу не атрымала афіцыйных растлумачэнняў Мінска аб гэтым інцыдэнце”.

Украінскія дыпламаты „выказалі занепакоенасць у сувязі з працягам рэпрэсій супраць удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі”. Захаванне нормаў міжнароднага права і асноватворных правоў чалавека — неад’емны складнік міждзяржаўных адносін Украіны з любой іншай дзяржавай, падкрэсліваецца ў паведамленні.

Афіцыйны Кіеў „катэгарычна абвяргае абвінавачанні беларускага боку ў нібыта ўмяшанні Украіны ва ўнутраныя справы Беларусі, а ў прыкметнай апошнім часам адчайнай рыторыцы беларускіх чыноўнікаў бачыць, на жаль, уласцівы МЗС Расіі эпісталярны жанр”.

Украінска-беларускія палітычныя стасункі практычна замарожаныя пасля адмовы Мінска выдаць групу затрыманых грамадзян РФ, якія падазраюцца ў датычнасці да так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера і вайсковых злачынстваў на тэрыторыі Украіны, а таксама пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія Кіеў разам з Еўрасаюзам не прызналі сумленнымі, і спроб разгону пратэстаў з выкарыстаннем зброі.

belapan.by