Лукашэнка не ўвайшоў у санкцыйны спіс Еўразвязу
„Заўтра (2 кастрычніка. — БелаПАН.) мы ўвядзем санкцыі, — паведаміў прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль. — І вы ведаеце, што на стале спіс прыкладна з 40 імёнаў. І мы паўтараем, што беларускі народ мае права вызначаць сваю будучыню. Мы таксама маем намер працягваць намаганні, накіраваныя на падтрымку такіх важных каштоўнасцяў, як свабода друку, свабода слова і грамадзянская супольнасць”.
Раней санкцыі не атрымлівалася ўзгадніць з-за пазіцыі Кіпра, які патрабаваў адначасовага ўвядзення санкцый супраць Турцыі ў сувязі з буравымі працамі ва ўсходнім Міжземнамор’і. Кіпрыётаў падтрымала Грэцыя. Лідары краін ЕЗ дамовіліся працягнуць дыялог з Турцыяй і прааналізаваць прамежкавыя вынікі ў снежні, заявіла канцлер Германіі Ангела Меркель па выніках шматгадзінных перамоў.
„Добры вечар або добрай ночы. Сёння ў нас была доўгая нарада на тэму Беларусі, Турцыі, Кіпра і Грэцыі. І я магу падсумаваць, што ўсё прайшло вельмі паспяхова. Мы можам сёння сказаць, што санкцыі супраць актараў у Беларусі набудуць моц. То бок Еўрапейскі саюз дзейнічае супраць тых, хто супрацьпастаўляе сябе дэмакратычнаму руху. Я лічу гэта вельмі важным сігналам”, — сказала Меркель.
Паводле яе слоў, дыскусія была грунтоўнай і часам цяжкай. „Аднак мы зблізілі свае пазіцыі і можам засведчыць вынікі. Санкцыі супраць Беларусі з аднаго боку і ўзгадненне механізму дзеянняў у дачыненні да Турцыі — з іншага я лічу вялікім прагрэсам”, — адзначыла канцлер ФРГ.
„Рады, што на саміце ЕЗ пасля доўгіх перамоў атрымалася знайсці згоду адносна Турцыі і Беларусі… Супраць Беларусі ўводзяцца санкцыі”, — напісаў у „Твітэры” канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц.
„Мы прасунуліся па Беларусі, — адзначыў на брыфінгу прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. — Пасля надзвычайнага саміту ЕС у жніўні мы нарэшце змаглі прыняць санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі”. Паводле слоў Макрона, гэта неабходная мера, закліканая зрабіць націск на беларускія ўлады; адначасова працягнуцца заклікі да іх „пагадзіцца на пасрэдніцтва АБСЕ, прызнаць грамадзянскую супольнасць і апазіцыю ў цэлым і дазволіць мірны транзіт”.
Французскі лідар пацвердзіў, што ў санкцыйны спіс не ўваходзіць Аляксандр Лукашэнка, каб у яго „не было падставы адмовіцца ад дыскусіі”, аднак, калі пазіцыя Лукашэнкі зробіцца больш жорсткай, санкцыі могуць быць уведзеныя і супраць яго.
„Я вельмі чакаю, што сёння мы прыйдзем да прынцыповага рашэння адносна ўвядзення санкцый у дачыненні да Беларусі, — сказаў перад пачаткам саміту прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. — Мы бачым, што працягваецца парушэнне правоў чалавека, людзей затрымліваюць, людзей катуюць. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі не гатовы ўзаемадзейнічаць і знайсці шляхі для пачатку дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. У сувязі з гэтым я лічу, што ЕС павінен зрабіць значна больш, чым ужо зрабіў”.
У паведамленні прэс-службы па выніках першага дня пасяджэння гаворыцца: „Еўрапейскі савет асуджае непрымальны гвалт з боку беларускіх уладаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама іх запалохванне, адвольныя арышты і затрыманні пасля прэзідэнцкіх выбараў, вынікі якіх ён не прызнае. Еўрапейскі савет цалкам падтрымлівае дэмакратычнае права беларускага народа абіраць свайго прэзідэнта шляхам новых свабодных і справядлівых выбараў без знешняга ўмяшання”.
Еўрасавет заклікае ўлады Беларусі спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў дэманстрацый і палітычных зняволеных, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасць і пачаць усёабдымны нацыянальны дыялог.
„Еўрапейскі савет згодны з неабходнасцю ўвядзення абмежавальных мер і заклікае Савет ЕС неадкладна прыняць такое рашэнне. Еўрапейскі савет таксама заклікае Еўрапейскую камісію падрыхтаваць комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.
У паведамленні таксама згадваецца Беларуская АЭС у Астраўцы і адзначаецца „важнасць забеспячэння ядзернай і экалагічнай бяспекі”.
Раней санкцыі ў дачыненні да прыкладна 130 беларускіх службовых асоб, у тым ліку Лукашэнкі, увялі Латвія, Літва і Эстонія.
belapan.by