Новым сябрам СБП уручылі пасведчанні



На чарговым пасяджэнні Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў, што адбылася ў менскай культурніцкай прасторы „Вір”, новаабраным сябрам творчай арганізацыі ўручылі пасведчанні.

Кажа адзін з іх – мовазнаўца Вінцук Вячорка:

–  Зараз наша месца ў дварах на гэтых сустрэчах, дзе чакаюць нашага не толькі вуснага, але і пісьмовага слова. Да людзей смела можна ісці з кнігамі, можна рабіць прэзентацыі ў дварах. Яны будуць адкрываць для сябе, што аказваецца побач з імі жыве  валадар думак. Мы вяртаемся да гэтай нармальнай сітуацыі, калі пісьменнік – валадар думак. І гэты статус ужо, здаецца, пахавалі за апошнія гады і дзесяцігоддзі канчаткова, перавёўшы ўсё ў нейкую камерцыйшчыну. Карацей, усё ідзе выдатна і „жыве”.

З-за пандэміі каронавіруса Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў не збіралася больш за паўгады. Але за гэты час дыстанцыйным галасаваннем у Саюз былі прынятыя пяць новых сяброў. Шостага — культуролага, паэта Міколу Гілевіча прынялі на гэтым пасяджэнні.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск