Латушка раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі ў адказ на санкцыі ЕЗ
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былы чыноўнік і дыпламат Павел Латушка раскрытыкаваў МЗС Беларусі за яго сённяшнюю заяву ў адказ на ўвядзенне санкцый Еўразвяза ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў.
„Сёння апублікаваная заява Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у адказ на рашэнне Еўрапейскага Звяза не выклікае ў мяне нічога, акрамя вялізнага здзіўлення, — сказаў ён. — У гэтай заяве, якую я ўпершыню за сваю дыпламатычную практыку бачу на чатырох старонках, зробленыя досыць непраўдзівыя сцвярджэнні на прадмет таго, што беларускія ўлады выступаюць за дыялог”.
„Каардынацыйная рада неаднаразова прапаноўвала сесці за стол перамоў, — нагадаў Латушка. — Наколькі мне вядомая афіцыйная пазіцыя Еўрапейскага Звяза, кіраўнікі Еўрапейскай камісіі неаднаразова прапаноўвалі ўладзе сесці за стол перамоў. Прапаноўвалася выкарыстоўваць механізмы АБСЕ, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый уносіла прапановы [выкарыстоўваць] усе магчымыя міжнародныя механізмы. Як раз менавіта ўлада, і менавіта Міністэрства замежных спраў, якое адказвае за знешнепалітычныя кантакты, катэгарычна адмаўляецца ад гэтага”.
Паводле яго слоў, у беларускіх уладаў ёсць „апошні шанец сесці за стол перамоў”.
Еўрапейскі саюз на пазачарговым саміце ў Бруселі 1 кастрычніка ўзгадніў рашэнне аб увядзенні санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Як паведаміў прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль, санкцыі ўводзяцца 2 кастрычніка ў дачыненні да 40 чалавек. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон пацвердзіў, што ў санкцыйны спіс не ўваходзіць Аляксандр Лукашэнка, каб у яго „не было падставы адмовіцца ад дыскусіі”, аднак, калі пазіцыя Лукашэнкі будзе станавіцца больш жорсткай, санкцыі могуць быць уведзеныя і супраць яго.
2 кастрычніка беларускае знешнепалітычнае ведамства распаўсюдзіла заяву аб тым, што рашэннем аб санкцыях Еўразвяз аддаліў ад сябе Беларусь. У МЗС паведамілі, што Беларусь уводзіць „зваротны санкцыйны спіс”, а таксама папярэдзілі, што далейшая раскрутка ЕЗ „санкцыйнага махавіка” можа прывесці, напрыклад, да „выхаду Беларусі з супольных праграм і праектаў, перагляду ўзроўню і мадальнасці дыпламатычнай прысутнасці аж да рашэння аб мэтазгоднасці захавання дыпламатычных стасункаў”.