Гародня: хворага актывіста хацелі кінуць за краты



Гарадзенскага музыку ды грамадскага актывіста Ігара Банцэра міліцыянты хацелі чарговы раз кінуць за краты, аднак падчас знаходжання ў міліцыі ў яго паднялася тэмпература, таму яго адправілі ў шпіталь, які адмаўляўся яго прыняць.

Як ён апынуўся ў міліцыі, распавядае сам актывіст:

– Не ведаю чаму мяне затрымалі, чаму мяне пакінулі ў пастарунку. Зноў жа, калі ты прыязджаеш, а міліцыя з кімсьці там на тэлефонах раіцца, то відавочна рашэнне прымае не сам там маёр, капітан у пастарунку Ленінскім, а хтосьці вышэй. Не ведаю ці гэта ўпраўленне Унутраных спраў ці КДБ, але ў кожным выпадку сітуацыя ўскладняецца тым, што яны на гэты раз мяне не проста пасадзілі на суткі, гэта стандартна, атрымалася 5 сутак, але яны мяне дзве начы марынавалі ў „стакане”, у „малпоўніку” у Ленінскім РАУСе. Я хаджу ў шортах, быў у лёгкай худзі, у лёгкім джэмперы. Дзве начы на скразняку, на дошках, без вады, без ежы, было вельмі жудасна. 

Па словах Ігара Банцэра, лекары адпраўлялі яго ў шпіталь, але шпіталі гораду адмаўляліся яго прымаць:

– Стала настолькі дрэнна, што калі была вечаровая змена я сказаў, што я сябе вельмі дрэнна адчуваю. Яны далі мне тэрмометр, памералі, было 37,5. Гэтага было дастаткова, выклікалі хуткую, хуткая прыехала бліжэй да паўночы. Калі прыехала хуткая, у мяне ўжо была тэмпература 38. Я сябе вельмі дрэнна адчуваў: нос расклеены, галава як звон, абсалютна нічога не разумеў, што адбываецца. Лекарка пачала праслухоўваць, падазрэнні на пнеўманію, забралі ў шпіталь. Але сітуацыя ўскладняецца нашай эпідэміялагічнай сітуацыяй, таму атрымалася смешная, а хутчэй трагікамічная сітуацыя.

Па выніку яго не прыняў ніводны шпіталь Гародні, а лекары з інфекцыйнага шпіталя спрабавалі адправіць хворага актывіста назад у Ізалятар часовага ўтрымання. Аднак там яго адмовіліся прымаць і цяпер ён далечваецца дома.

Беларускае Радыё Рацыя