Пампеа: ЗША працягнуць уводзіць санкцыі супраць уладаў Беларусі
Злучаныя Штаты Амерыкі працягнуць прыцягваць да адказнасці прадстаўнікоў уладаў Беларусі за падаўленне дэмакратыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа ад 2 кастрычніка.
„Сёння, у адказ на жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія выступаюць за дэмакратыю ў Беларусі, Злучаныя Штаты і Еўрапейскі саюз распачалі скаардынаваныя дзеянні супраць грамадзян Беларусі, якія датычныя да спробаў падарваць беларускую дэмакратыю”, — адзначаецца ў заяве.
Злучаныя Штаты Амерыкі 2 кастрычніка ўвялі санкцыі супраць васьмі беларускіх афіцыйных асоб — членаў Цэнтрвыбаркама і шэрагу сілавікоў. Санкцыі азначаюць замарожванне актываў у ЗША і забарону для амерыканскіх грамадзян або кампаній весці бізнес з іх фігурантамі.
Аналагічныя санкцыі ў ЗША працягваюць дзейнічаць у дачыненні да 16 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за іх дзейнасць у сувязі з папярэднімі фальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі 2006 і 2010 гадоў.
„ЗША працягнуць прыцягваць да адказнасці прадстаўнікоў беларускага ўрада за падаўленне дэмакратыі, у тым ліку тых беларускіх чыноўнікаў, якія былі названыя сёння, і 16, якія застаюцца пад санкцыямі”, — заявіў дзяржсакратар.
„Сённяшнія скаардынаваныя дзеянні з Еўрапейскім саюзам дэманструюць нашу цвёрдую і нязменную прыхільнасць да беларускага народа, які мірна патрабуе, каб яго голас быў пачуты, а таксама права абіраць лідара шляхам свабодных і справядлівых выбараў”, — падкрэсліў Пампеа.
Дзяржсакратар адзначыў, што візавую забарону на ўезд у ЗША ўвядуць для 24 грамадзян Беларусі.