Польшча, як і Літва, пакуль не мае намеру адклікаць свайго пасла з Беларусі



Польшча, як і Літва, пакуль не мае намеру адклікаць свайго пасла з Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау на прапанову беларускага МЗС скараціць колькасць польскіх дыпламатаў у Беларусі.

„Беларусь адклікала сваіх паслоў у Польшчы і Літве для кансультацый і чакае таго ж ад Польшчы і Літвы. Разам з Лінкявічусам (кіраўнік МЗС Літвы.  БелаПАН.) мы перакананыя ў тым, што неабходна захаваць каналы сувязі, і на гэтым этапе мы не збіраемся адклікаць нашых паслоў для кансультацый”, — напісаў міністр замежных спраў Польшчы ў „Твітэры”.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 2 кастрычніка паведаміла аб адкліканні для кансультацый паслоў у Літве і Польшчы і прапанавала гэтым краінам скараціць колькасць сваіх дыпламатаў у Менску. Літве прапанавана скараціць колькасць дыпламатаў з 25 да 14, Польшчы — з 50 да 18.

„Паслы Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Мінск для кансультацый. Паслам Польшчы і Літвы ў Беларусі прапанавана зрабіць гэтак жа. Падкрэслю, што гэтыя вымушаныя меры намі прынятыя не без шкадавання, пасля доўгага цярпення і заклікаў да разважлівасці выключна з прычыны асаблівай дэструктыўнай ролі, якую вырашыла на практыцы іграць кіраўніцтва Польшчы і Літвы ў дачыненні да Беларусі”, — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

У адказ кіраўнік МЗС Літоўскай Рэспублікі Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не плануе адклікаць свайго пасла ў Менску для кансультацый і скарачаць дыпламатычную прысутнасць у Беларусі.

„Рашэнне аб кансультацыях паслоў прымае Міністэрства замежных спраў Літвы. У нас няма такіх намераў. У астатнім мы пачакаем, каб убачыць, якія будуць наступныя крокі. Мы гэта ўзгадняем з Польшчай. Іх рэакцыя таксама будзе вельмі падобнай”, — сказаў Лінкявічус.

Ён паўтарыў, што Літва не разглядае прапановы Беларусі па скарачэнні штата свайго пасольства. „Калі будзе попыт з іншага боку, то адэкватныя пастановы мы прымем у Вільнюсе і Варшаве. Гэтыя прапановы пакуль дакладна не будуць разглядацца”, — запэўніў Лінкявічус.

Прапановы Міністэрства замежных спраў Беларусі па скарачэнні дыпперсаналу ў пасольствах Літвы і Польшчы абавязковыя да выканання. Пра гэта заявіў прэс-сактарар МЗС Анатоль Глаза ў каментары БелТА.

belapan.by