Арына Сабаленка саступіла ў 3-м крузе „Ралан Гарос”



Беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік перайграў аргентынца Себасціана Баезу ў паўфінале турніру ў Чэхіі – 6:3, 3:6, 7:6 (9:7). Супернік Ігнаціка па фінале вызначыцца пазней.

Беларуска Арына Сабаленка саступіла Унс Джабір з Туніса ў 3-м крузе „Ралан Гарос” – 6:7 (7:9), 6:2, 3:6.

Яшчэ адна беларуская тэнісістка Шалімар Тальбі абыграла швейцарку Лулу Сун ў паўфінале турніру Magic Tours ў Тунісе – 6:3, 6:3. У фінале Тальбі пазмагаецца з пераможцай пары Марыя Лурдас Карле (532 ВТА, Аргенціна) – Дар’я Астахава (526 ВТА, Расея).

Амерыканскі эксперт лічыць, што на драфце НХЛ-2020 выберуць трох беларусаў

Эксперт аўтарытэтнага партала „The Hockey Writers” Лары Фішэр склаў падрабязны прагноз на драфт НХЛ-2020 ды які пройдзе ў онлайн-фармаце 6-7 кастрычніка. На думку Фішэра, клубы НХЛ выберуць трох беларускіх хакеістаў. У трэцім раўндзе пад агульным 79-м нумарам „Чыкага” абярэ форварда Яўгена Аксенцюка. У сёмым раундзе „Нью-Джэрсі” можа выбраць абаронцу Іллю Салаўёва (192-ы нумар), а „Філадэльфія” – нападніка Валянціна Дземчанку (202-й), перадае thehockeywriters.com.

Дзмітрый Дзюбін выйграў чэмпіянат Беларусі па спартовай хадзе

Дзмітрый Дзюбін выйграў чэмпіянат Беларусі па спартовай хадзе на 35 км. Турнір прайшоў у Гародні. Анатоль Гомелеў з Віцебска фінішаваў другім. Замкнуў тройку наймацнейшых Уладзімір Калеснік, які прадстаўляе Берасцейскую і Гомельскую вобласці. Жаночы старт на 35 км стаў пераможным для Надзеі Даражук з Гарадзенскай вобласці. Другое месца заняла Анастасія Родзькіна з каманды Магілёўскай вобласці. Трэцяя ўдзельніца заходу Наталля Малчанава з Магілёўскай вобласці не змагла завяршыць гонку.

Канцавы – найлепшы гулец, Сядзько – аўтар лепшага гола 25-га тура чэмпіянату Беларусі

Паўабаронца берасцейскага „Руху” Арцём Канцавы прызнаны найлепшым гульцом 25-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможнай хатняй гульні з футбалістамі „Слуцка” (5:0) 21-гадовы хаўбек клуба забіў адзін гол і зрабіў адну галявую перадачу. Аўтарам самага прыгожага гола мінулага тура нацыянальнага першынства прызнаны паўабаронца берасцейскага „Дынама” Павел Сядзько.

„Жальгірыс” Аляксея Багі дамогся перамогі і ўзначаліў табліцу

У матчы 18-га тура чэмпіянату Літвы „Жальгірыс” з Вільнюса абыграў аднаклубнікаў з Каўнаса – 1:0. Каманда беларуса Аляксея Багі набрала 39 ачкоў у 18 матчах і выйшла на першае месца ў табліцы. У „Судувы” 38 балаў і два паядынкі ў запасе.