Марш вызвалення палітвязняў. 57-ы дзень пратэстаў (абноўлена)



Марш у сталіцы Беларусі доўжыўся амаль пяць гадзін і сабраў каля 100 тысяч удзельнікаў.

Пратэстоўцы абклеілі шыльду цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску партрэтамі загінулых удзельнікаў мірных дэманстрацый, а таксама бел-чырвона-белымі налепкамі.

На дзверы ізалятара наклеілі чорна-белы партрэт Аляксандра Лукашэнкі з выявай крыві, газету „Народная Воля” і налепкі са словамі „Я не хачу гвалту”, „Не забудзем, не даруем!”.

Адзін з пратэстоўцаў пачаў стукаць па браме дрэўкам з бел-чырвона-белым сцягам, сцяг вырвалі з іншага боку і забралі. У адказ на гэта дэманстранты скандавалі „Ганьба!” і „Выпускай!”.

Яшчэ адзін пратэстоўца паспрабаваў збіць відэакамеру над варотамі ЦІП, але беспаспяхова.

На агароджы чырвонай фарбай напісалі слова „Фашысты”.

Неўзабаве пасля гэтага прагучала прапанова вярнуцца назад. Прысутныя накіраваліся ў бок найбліжэйшага сквера, куды да гэтага часу падцягнуўся хвост калоны. Дэманстранты злучыліся, і зараз калона ідзе па праспекце Дзяржынскага ў бок мікрараёна Малінаўка.

Каля ЦІП пратэстоўцы прастаялі прыблізна паўгадзіны.

Да калоны дэманстрантаў, якая рухалася па праспекце Машэрава, далучылася яшчэ адна калона — гэта адбылося на скрыжаванні праспекта з вуліцай Ціміразева.

Калоны, якія аб’ядналіся — а гэта ўжо дзясяткі тысяч дэманстрантаў, — накіроўваюцца па праезнай частцы ў бок вуліцы Кальварыйскай. Людзі ідуць з бел-чырвона-белымі сцягамі, скандуюць „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”, з дынамікаў грае песня „Тры чарапахі”.

На перакрыжаванне праспекта Машэрава і вуліцы Заслаўскай пад’ехаў вадамёт і пачаў паліваць людзей. З боку стэлы да дэманстрантаў падбеглі сілавікі ў поўным баявым абмундзіраванні, паведамляе БелаПАН. Паведамляецца што дэманстранты абступілі вадамёт, дасталі з яго кантэйнеры з каляровай вадкасцю і вылілі іх на дарогу. Пасля гэтага вадамёт зламаўся, ён бесперапынна лье ваду ўгору фантанам і вымушана з’ехаў пад улюлюканне пратэстоўцаў

Інтэрнэт стаў недаступны для абанентаў мабільных сетак прыкладна каля 14:00. Аператары сувязі адключаюць па нядзелях інтэрнэт падчас акцый, тлумачачы гэта «распараджэннем ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў».

Таксама ў Менску зачыненыя восем станцый метро: «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Перамогі», «Плошча Якуба Коласа», «Няміга», «Фрунзенская» і «Маладзёжная».

Як паведамляе телеграм-канал метрапалітэна, станцыі закрытыя а 13:40 на ўваход і выхад «у мэтах забеспячэння бяспекі пасажыраў». Цягнікі на гэтых станцыях ня спыняюцца.

Па праспекце Пераможцаў у бок стэлы «Менск – горад-герой», дзе звычайна збіраюцца дэманстранты, у суправаджэнні машын ДАІ паехалі вадамёт, пяць аўтазакаў, чатыры міліцэйскія аўтобусы і два мікрааўтобусы.

Як паведамляюць карэспандэнты БелаПАН, тэхніка спынілася каля Палаца спорту, размешчанага непадалёка ад стэлы. Уздоўж праспекта Пераможцаў таксама прыпаркаваны мікрааўтобусы з сілавікамі.

У цэнтр Менска, як гэта ўжо стала звыклым па нядзелях, сцягнутыя сілавікі і спецтэхніка. Кастрычніцкая плошча — у металічнай агароджы і ачапленні з вайскоўцаў. Узмоцненыя патрулі міліцыі каля будынкаў МУС і КДБ. Насупраць КДБ, у скверы імя Дзяржынскага, — спецтэхніка і шмат сілавікоў. Карыстальнікі сацсетак пішуць, што не працуюць гандлёвы дом „На Нямізе”, гандлёвыя цэнтры „Сталіца”, „Замак” і „Галерэя „Менск”, а таксама рэстараны KFC і Burger King на вуліцы Няміга.

Стала вядома пра першыя затрыманні ў Менску — яшчэ да пачатку маршу ў падтрымку палітзняволеных. Паводле сведкаў, невядомыя людзі ў цывільным затрымліваюць мінакоў на праспекце Пераможцаў і ў раёне вуліцы Нямігі. Яны былі без сімволікі ці іншых пратэстных атрыбутаў.

Сёння ў Менску ды іншых гарадах Беларусі плануецца традыцыйная нядзельная акцыя прыхільнікаў пераменаў — Марш вызвалення палітвязняў. Гэта будзе ўжо восьмы нядзельны марш пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.

На паркоўку да Палаца спорту прыехала яшчэ адна калона аўтазакаў і ваенная тэхніка.

Фота TUT.BY

Нядзельная раніца ў цэнтры сталіцы пачынаецца з сілавых узмацненняў. 

У Менску раніцай 4 кастрычніка заўважаны танаваныя аўтобусы, поўныя сілавікоў. Таксама ў горадзе калона вайсковай тэхнікі і гукаўзмацняльная апаратура. Ужо перакрыты стэла і плошча Незалежнасці. Паведамляецца аб непрацоўным дні ў ГЦ „Сталіца”, ГД „На Нямізе”, а ГЦ „Галерэя” будзе працаваць з 16:00.