Барэль: Рашэнне Менска выслаць дыпламатаў Літвы і Польшчы супярэчыць логіцы дыялогу



„Патрабаванне беларускіх уладаў да Польшчы і Літвы адклікаць сваіх паслоў і значна скараціць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Менску беспадстаўнае і вартае шкадавання”, — гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.

На яго думку, „гэта супярэчыць логіцы дыялогу і прывядзе да далейшай ізаляцыі ўладаў у Менску”.

„Спробы беларускіх уладаў атакаваць пэўныя дзяржавы — члены ЕЗ не прывядуць да аслаблення адзінства Еўразвяза, — гаворыцца ў заяве Барэля, апублікаванай на сайце ЕЗ. — Гэта было выразна пацверджанае Еўрапейскім саветам 1 кастрычніка, калі ўсе дзяржавы — члены ЕЗ заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых і палітвязняў, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасць і пачаць усебаковы нацыянальны дыялог”.

„ЕЗ працягвае падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народа абіраць свайго прэзідэнта з дапамогай новых свабодных і справядлівых выбараў без вонкавага ўмяшання”, — заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза.

Пасля рашэння ЕЗ увесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільнюсе і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту” штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.

Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць.

belapan.by