МУС: учора падчас пратэстаў затрымалі 317 чалавек



За парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах падчас пратэстных акцый 4 кастрычніка ў Беларусі затрымана 317 грамадзян, паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле яе слоў, да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у месцы ўтрымання затрыманых змешчаныя 258 чалавек.

Чамаданава паведамляе, што 4 кастрычніка „ў краіне зафіксавана 10 пратэстных акцый”. „Ва ўсіх абласных цэнтрах, за выключэннем сталіцы, яны былі нешматлікія (ад 20 да 100 чалавек)”, — адзначае яна.

Паводле слоў прэс-сакратара міністэрства, „прынятыя неабходныя меры па падтрыманні парадку і арганізацыі грамадскай бяспекі іх правядзення”.

„У Менску пратэстоўцы прайшлі двума калонамі па пр. Машэрава ў бок вул. Кальварыйскай і па пр. Пераможцаў у бок вул. Няміга, — паведаміла Чамаданава. — На заклікі некаторых тэлеграм-каналаў частка грамадзян падышла да будынка ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, размешчанага па 1-м завулку Акрэсціна. Прыкладна ў 17.30 пратэстоўцы аб’ядналіся і працягнулі рух па праспекце Дзяржынскага ў напрамку МКАД. Блізу 18.30 несанкцыянаваная акцыя завяршылася. Агульная колькасць удзельнікаў пратэсту склала прыблізна 10 тысяч чалавек”.

Чамаданава адзначыла, што ў Менску „ў дачыненні да агрэсіўна настроеных грамадзян, якія ў парушэнне ПДР выходзілі на праезную частку і блакавалі рух транспарту, выкарыстоўваліся вадамёты”. „У Віцебску для адцяснення натоўпу, які спрабаваў адбіць затрыманага, а ў Гродна для затрымання п’янага пратэстоўца, які аказаў непадпарадкаванне міліцыянерам, ужываўся газ”, — удакладніла прэс-сакратар.

4 кастрычніка ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшла чарговая нядзельная акцыя прыхільнікаў перамен. Марш вызвалення палітвязняў, паводле ацэнкі журналістаў і назіральнікаў, стаў не менш шматлікім, чым папярэднія акцыі, сабраўшы прыкладна 100 тысяч удзельнікаў толькі ў Менску.

belapan.by