Лісты з няволі
Сум і трывогу выклікалі і выклікаюць лісты ад палітвязняў, якіх я атрымала за гады праўлення Аляксандра Лукашэнка нямала. Мы добра ведаем, што нашы турмы не для жыцця. Але нашы мужныя беларускія мужчыны трымаліся і трымаюцца годна, што было відаць з лістоў праваабаронцы Алеся Бяляцкага, палітыка Паўла Севярынца і іншых. Але лістоў з гумарам да гэтага не атрымлівала. Трымаю ў руках два лісты ад вядомага блогера з Берасця Сяргея Пятрухіна. Адно ў прадстаўнічым канверце 1 класа прыйшло ў канцы жніўня, а другое – у канцы верасня. Праўда, ішлі лісты надта доўга: каля 20 дзен з Менска кожнае. Першую ўсмешку выклікаў адрас адпраўшчыка: Пятрухін С.С. вул. Валадарскага, дом 2, кватэра 46 СІЗА-1, горад Менск. Адразу падумалася, ну Пятрухін, ну гумарыст …
Пятрухін лічыць, што знаходзіцца ў творчай камандзіроўцы, якая яму падабаецца: Вельмі добра, што трапіў сюды. Даволі цікава і вельмі шмат інфармацыі. Каманды нішчыць пакуль не было. Усё лагодна, ціха і спакойна. Кормяць файна, вартаўнікі добра выхаваныя і ветлівыя, таму ціха сяджу і бранзавею разам з усімі. Дзякуй дурням! Ніхто так шмат не зрабіў для мяне як яны.
Пра Кабанава ды іншых нічога не чуў. Спадзяюся, што ён, як і я, не пакутуе.
Чым не санаторый, падумала з усмешкай. Але спяшацца ў яго нашым людзям не патрэбна. Чаму? Паслухаем, як адказвае на гэта пытанне Сяргей Пятрухін у сваім лісце далей:
Чытаю на мове Караткевіча, Быкава і наогул шмат класікі. Сакамернікі адэкватныя. Перачытваю ў другі раз Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ”. Успрыманне ў мурах неверагоднае, зусім іншае, чым на волі. Сістэма Сталіна працуе сёння амаль без зменаў. Цытую: “Да оправдательный приговор – это же экономическая бессмыслица. Это значит, что и осведомители, и оперативники, и следствие, и прокуратура, и внутрення охрана тюрьмы, и конвой – все проработали вхолостую!”
Паводле Сяргея, які знаходзіцца ў няволі ўжо чацвёрты месяц, 50-60 % арыштаваных можна адпраўляць дадому. Па яго меркаваннях, “шматлікія сілавікі імкнуцца апраўдаць сваё бязладнае існаванне і як пры саўку фабрыкуюць справы. Першае, што лезе ў вочы – перакваліфікацыя частак артыкула ў горшы бок: з асабістага злачынства зрабіць групавое. Гэта тычыцца не толькі 328 (наркаманскага) артыкула, але і ўсіх астатніх. Людзі сядзяць па 4 месяцы, а ў дачыненні іх не праводзяць аніякіх следчых дзеянняў. Яны проста сядзяць, пакуль следчыя думаюць, як з больш простага зрабіць больш складанае, каб даць чалавеку больш вялікі тэрмін за тое, што ен не рабіў. Шмат тых, хто асуджаны ні за што. Я адказна гэта кажу, бо я добра ведаю, як працуе сістэма і хто працуе следчымі і хто працуе начальнікамі над следчымі. Некаторыя з іх ужо разумеюць, што прыйдзецца адказваць калі-небудзь па арт. 426 КК (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) і па арт 427 (службовы падлог) і аблічча ў іх няўпэўненае, ніякаватае.
Выклікае ў блогера клопат пра родную мову нават у няволі. Ён патрабуе ад следчых весці яго сфабрыкаваную справу на роднай мове. Але атрымаў катэгарычную адмову. Больш месяца не нясе яму адвакатка і акты заканадаўства на беларускай мове. Суды палітвязняў, упэўнены Сяргей Пятрухін, калі не зробяць закрытымі, выклічуць рогат. А калі блогераў выпусцяць, то будзе шмат шуму.
Ён лічыць, што “даўно трэба памяняць заканадаўства ў гэтай галіне і рэфармаваць судовую сістэму і сілавыя структуры, бязлітасныя, жахлівыя і безгаловыя”.
Сяргей Пятрухін змагаецца з бязладдзем і ў няволі. Ён піша скаргі і хадайніцтвы на дзеянні следчых. За гэта месяц не атрымліваў лістоў, пакуль не нарабіў шуму. “Напрыклад, піша Сяргей, 2 верасня прынеслі пісьмы, якія прыйшлі ў Менск 27 ліпеня. Сталін з намі”.
Аўтара каналаў «Народны рэпартэр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня пад Пухавічамі за «неадбытыя суткі» па выніках акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці. Аднак 25 чэрвеня яго зноў арыштавалі і перавезлі ў Менск. Завялі крымінальную справу “па гродзенскім інцыдэнце, звязаным з Сяргеем Ціханоўскім”. Палітвязень Сяргей Пятрухін перадае слухачам Радыё Рацыя свае прывітанні!
Беларускае Радыё Рацыя