“Народная асвета” і асвета народных мас…



Немагчыма забыцца пра Дзень настаўніка, школу і педагогіку, калі ў тваёй сям’і ёсць хоць адзін сейбіт разумнага, добрага, вечнага!

Яркі ўспамін дзяцінства – стос часопісаў “Народная асвета”, якімі бабуля з прабабуляй распальвалі печ… Матуліны вучні, букеты, кнігі… Потым нейкім неверагодным чынам і цябе самую занесла ў педагагічны на філалагічны… Немагчыма забыцца пра свята ў кастрычніку – гэта лёс!

Безумоўна, педагогіка – дарога для абраных, і застаюцца там моцныя і сапраўдныя або сапраўдныя прыстасаванцы, якім нідзе больш месца не знайшлося. Праўда жыцця. Многімі выданнямі з так званай прымусовай падпіскі вясковыя настаўнікі і сёння распальваюць печы, як мая бабуля 30 год таму, – адчуйце моц традыцыі.  

У цэлым, можна заўважыць, што беларусы – мірныя і выхаваныя людзі. Ніводнай пабітай вітрыны, ніводнай спаленай машыны падчас пратэстаў у сталіцы і абласных гарадах за апошнія два месяцы. Не менш ветліва і стрымана на піку пратэстаў ім адключаюць інтэрнэт або літаральна змяншаюць хуткасць перадачы дадзеных… І ўжо стала традыцыяй – папярэджваць, што “па патрабаванні органаў улады інтэрнэт будзе працаваць горш”. Тэлеграм менскага метрапалітэну таксама просіць прабачэння “за часовыя нязручнасці”. Ветліва і спакойна, адным сказам! Метро не працавала, але ўжо працуе – карыстайцеся! Малайцы. Выхаваныя. Наша школа?

На апошнім маршы ў сталіцы былі затрыманыя 16 журналістаў і два філосафы. Больш за 200 чалавек па краіне. Настаўнікі ў моцныя рукі праваахоўнікаў не трапляюцца, хоць – хочацца верыць! – не застаюцца без свежага паветра па выходных. Родненькі педагагічны ў студэнцкіх пратэстах і відэазваротах заўважаны не быў… Выкладчыкі таксама ціха сядзяць. Няма таго, што раньш было… Ды ці было там што калісьці? У Беларусі вальнадумства і педагогіка – паняцці неспалучальныя.

Крэатыўнасць моладзі прарастае праз асфальт, што не адмяняе моцы самаго асфальту.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ