Будзе адбудавана дарога Бельск-Падляшскі – Гайнаўка



Важная інвестыцыя на Падляшшы. У панядзелак, 5 кастрычніка, была падпісаная дамова на рамонт ваяводскай дарогі паміж Бельскам-Падляшскім і Гайнаўкай.

Праект цалкам фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, а яго кошт складае 115 мільёнаў злотых. У плане – адрамантаваць 24 кіламетры дарогі, аднавіць мост праз раку Арлянка, пабудаваць аб’яздную дарогу каля мясцовасці Халады ды іншае. “Дарога мае вялікае значэнне і для рэгіёну, і для турыстычнага руху”, – кажа чалец Управы Падляшскага ваяводства  Марэк Маліноўскі:

-Гэтай дарогай будуць ездзіць жыхары абодвух паветаў, але яна таксама будзе служыць круглы год турыстам усёй краіны, а таксама замежным. Гэта дарога будзе да Гайнаўкі, Белавежы, яна будзе 7-мятровая. І гэта будзе сапраўды вялікі цывілізацыйны скачок ў рэгіёне.

Участак дарогі, які будзе рамантавацца, пралягае праз гміны Бельск-Падляшскі, Орля, Чыжы і Гайнаўка. Дарога будзе пашыраная да сямі метраў, а цалкам адкрыць яе для руху плануюць да канца 2023 году.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Urząd Marszałkowski Województwa Podlaskiego