Паслы Беларусі ў Літве і Польшчы вярнуліся ў Менск для кансультацый



Паслы Беларусі ў Літве Валерый Бараноўскі і ў Польшчы Уладзімір Чушаў вярнуліся ў Менск для кансультацый, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Рашэнне аб адкліканні паслоў было прынятае 2 кастрычніка пасля таго, як Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб, якіх лічыць вінаватымі ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у краіне і рэпрэсіях у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Менск таксама запатрабаваў ад Вільні і Варшавы скараціць колькасць дыпламатаў у Беларусі. Літве прапанавана скараціць колькасць дыпламатаў з 25 да 14, Польшчы — з 50 да 18.

„Цалкам відавочна тое, што мы даволі доўга і цярпліва адсочвалі ўсе адкрыта недружалюбныя рухі ў дачыненні да нашай краіны з боку Польшчы і Літвы, — заявіў 2 кастрычніка Глаз. — Мы заклікалі да разважлівасці, удумлівай, аб’ектыўнай і глыбокай ацэнкі падзей, якія адбываюцца, да разумення важнасці і лёсавызначальнасці дыялогу з суседзямі, да павагі інтарэсаў грамадзян адзін аднаго, вострай неабходнасці захавання стабільнасці ў рэгіёне”.

Паводле яго слоў, у адказ Беларусь атрымала „не толькі цэбры бруду, але і нахабныя спробы праціснуць таранам свае інтарэсы, непрыхаванае ўмяшанне ва ўнутраныя справы, ігнараванне базавых суверэнных правоў Беларусі, прамое спансаванне адкрыта экстрэмісцкіх заклікаў і дзеянняў”.

Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць.

Каментуючы гэтыя заявы 3 кастрычніка, Глаз адзначыў, што прапанова Літве і Польшчы скараціць штат пасольстваў абавязкова да выканання.

На гэты момант пакуль няма інфармацыі, ці застаюцца паслы Літвы і Польшчы ў Беларусі, ці пакінулі краіну.

belapan.by

Фота: belnaviny.by